Хрысціянскія лідары Іерусаліма асудзілі ўдар па касцёлу ў Газе
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Мы, Патрыярхі і главы Цэркваў Іерусаліма, аб'ядноўваемся ў знак глыбокай салідарнасці з Лацінскім Патрыярхатам Іерусаліма і людзьмі, якія знайшлі прытулак у Касцёле Святой Сям'і ў Газе, стаўшы сведкамі жахлівага ўдару ізраільскай арміі на касцёльны комплекс раніцай 17 ліпеня 2025 года. У выніку атакі трое чалавек загінулі, дзесяць былі паранены, у тым ліку і пробашч – айцец Габрыэль Раманэлі”, - гаворыцца ў заяве. ()
“У непахісным адзінстве мы рашуча асуджаем гэтае злачынства”, - напісалі іерархі, падкрэсліваючы, што храмы – гэта святыя месцы, якія павінны ахоўвацца і быць пад абаронай міжнароднага права. Напад на касцёл, у якім знаходзілі прытулак каля 600 бежанцаў, у тым ліку дзеці з асаблівымі патрэбамі, з'яўляецца парушэннем гэтых законаў, а таксама “абразай чалавечай годнасці, зневажаннем недатыкальнасці чалавечага жыцця і апаганьваннем месца культу”.
Патрыярхі заклікалі міжнародную супольнасць, сусветных лідараў і ААН “працаваць над неадкладным спыненнем агню ў Газе”, гарантаваць абарону ўсіх рэлігійных і гуманітарных аб'ектаў і аказаць дапамогу насельніцтву, якое пакутуе ад голаду па ўсім Сектары Газа.
“Нашы малітвы і падтрымка застаюцца нязменнымі, мы заклікаем да справядлівасці, міру і спынення пакут, якія абрынуліся на народ Газы”, - напісалі кіраўнікі Цэркваў Іерусаліма.