Духавенству таксама патрэбны адпачынак: урок ад Папы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа, які цяпер знаходзіцца на двухтыднёвым адпачынку ў Кастэль-Гандольфа, падае добры прыклад іншым святарам і біскупам. "Адпачынак, расслабленне і аднаўленне сіл абсалютна неабходныя для кожнага, таксама для святара, каб ён мог лепш служыць Божаму народу", - кажа ў інтэрв'ю Жан-Шарлю Пуцалу з французскай рэдакцыі "Vatican News" віцэ-старшыня епіскапату Францыі. "Той, хто не адпачывае, стамляе іншых", - дадае біскуп Бенуа Бертран.
Святары стомленыя і выгараюць
На думку іерарха, летні адпачынак тым больш неабходны, што сучасныя святары сёння часта перагружаныя працай і нават выгараюць. Пра гэта сведчаць комплексныя, наватарскія даследаванні, якія ў 2020 годзе былі праведзены па даручэнні епіскапату сярод 6 300 святароў, актыўных у душпастырстве ў Францыі. Выявілася, што хоць 90 працэнтаў апытаных маюць добрае фізічнае здароўе, усё больш і больш святароў змагаецца з праблемай дэпрэсіі ці так званага прафесійнага выгарання. Такія трывожныя сімптомы прысутнічаюць у 20 працэнтаў духоўных асоб.
Таксама свецкія павінны клапаціцца пра сваіх святароў
Біскуп Бертран падкрэслівае, што французскі епіскапат правёў гэтыя даследаванні, а потым шырока распаўсюдзіў іх вынікі, каб звярнуць увагу ўсяго Касцёла на гэту праблему. Не толькі біскупы, але таксама і свецкія павінны клапаціцца пра сваіх святароў, ствараць для іх прыязнае асяроддзе.
"Свецкія павінны быць уважлівымі, чуйнымі, а таксама братэрскімі ў адносінах да сваіх святароў, запрашаючы іх час ад часу на сціплую вячэру без лішку алкаголю, а таксама дазваляючы ім расслабіцца і выслухаць іх. Я ведаю, што многія католікі, многія сем'і клапоцяцца пра сваю парафію, але трэба таксама, каб святар дазволіў сябе запрасіць і дзяліўся з іншымі сваімі цяжкасцямі", - цытуе біскупа Бертрана французскі журналіст.
Узаемныя візіты – прафілактыка праблем
Іерарх прызнае, што падобныя праблемы прысутнічаюць таксама сярод біскупаў. Для іх прафілактыкі, у рамках Канферэнцыі Біскупаў прапанавалі формулу ўзаемных візітаў.
"Гэта візіты, што ажыццяўляюцца духавенствам і свецкімі, якія прыязджаюць на нейкі час, каб сустрэцца з біскупам, наведаць яго, пагаварыць таксама з яго супрацоўнікамі, каб дапамагчы яму ў яго біскупскай місіі", - тлумачыць віцэ-старшыня епіскапату ў інтэрв'ю Жан-Шарлю Пуцалу.