MAP

Леў XIV прымае дэлегацыю з перуанскага горада Чыклаё падчас аўдыенцыі ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота Леў XIV прымае дэлегацыю з перуанскага горада Чыклаё падчас аўдыенцыі ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы Перу запрасілі Пантыфіка наведаць іх краіну

Біскупы Перу перакананы, што прысутнасць Папы "адновіць надзею" жыхароў краіны, у якой будучы Пантыфік працаваў місіянерам і біскупам на працягу 20 гадоў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дэлегацыя перуанскага епіскапату на чале з яго старшынёй біскупам Карласам Гарсія Камадэрам сустрэлася з Львом XIV у Ватыкане пасля Імшы ва ўрачыстасць Святых Пятра і Паўла, 29 чэрвеня 2025 года. Іерархі ўручылі Святому Айцу ліст з афіцыйным запрашэннем ад мясцовага Касцёла наведаць Перу.

"Твая прысутнасць адновіць надзею нашага народа, умацуе веру нашых супольнасцей і будзе прыгожым знакам камуніі з Паўсюдным Касцёлам", - напісалі іерархі ў лісце да Папы.

Варта адзначыць, што да гэтага часу Перу прымала двух Пантыфікаў: двойчы святога Яна Паўла II у 1985 і 1988 гадах, а таксама Францішка ў 2018 годзе.

Для Льва XIV гэта запрашэнне мае асаблівае значэнне, бо ён правёў у Перу 20 гадоў свайго жыцця, працуючы спачатку як місіянер, а пазней як біскуп. Яго вяртанне ў краіну ўжо ў якасці Пантыфіка стала б гістарычнай падзеяй для мясцовай каталіцкай супольнасці.
 

04 ліпеня 2025, 10:20