Адышоў у вечнасць былы арцыбіскуп Парыжа кардынал Вэн-Труа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Для многіх з нас, святароў, дыяканаў і вернікаў Парыжа, ён быў кімсьці большым, чым проста нашым арцыбіскупам: ён быў пастырам, айцом, узорам; для мяне братам у біскупскім служэнні і сябрам", - напісаў цяперашні арцыбіскуп Парыжа Ларан Ульрыш у лісце да вернікаў.
Іерарх адзначыў, што "кардынал Вэн-Труа выканаў усе даручаныя яму задачы: у Парыжы побач з кардыналам Жан-Мары Люстыжэ, як арцыбіскуп Тура, пазней як арцыбіскуп Парыжа, як старшыня епіскапату, як кардынал Паўсюднага Касцёла, нягледзячы на цяжар, які несла з сабой гэта шматбаковая місія, заўсёды ў духу сціпласці, што вынікала з першага закліку, які ён атрымаў ад Пана, каб ісці за Ім".
У апошнія гады, нягледзячы на праблемы са здароўем, ён не перастаў служыць
"У апошнія гады, нягледзячы на праблемы са здароўем, якія зносіў з мужнасцю і цярплівасцю, ён не перастаў служыць – іншым чынам, як сам казаў – праз малітву і адданасць Божай волі", - дадаў Ульрыш.
Арцыбіскуп Парыжа даручыў, каб 18 ліпеня 2025 года ў 17.00 загучалі званы ва ўсіх касцёлах сталічнай архідыяцэзіі, ушаноўваючы памерлага іерарха 82 ўдарамі – столькі, колькі гадоў ён пражыў. Ён таксама папрасіў, каб у наступныя дні былі адпраўлены Імшы ў яго інтэнцыі. Іерарх запрасіў вернікаў аддаць яму даніну павагі ў катэдры Нотр-Дам падчас вячэрняй Імшы ў дзень смерці і ў любы іншы час.
Пастыр, духоўны айцец і ўзор для вернікаў
Нарадзіўшыся ў Парыжы 7 лістапада 1942 года, Андрэ Вэн-Труа ў 26-гадовым узросце стаў святаром Парыжскай архідыяцэзіі. У 1981 годзе кардынал Жан-Мары Люстыжэ, тагачасны арцыбіскуп Парыжа, прызначыў яго генеральным вікарыем. Сем гадоў пазней Папа Ян Павел II абвясціў яго дапаможным біскупам сталічнай архідыяцэзіі.
У перыяд з 1999 па 2005 год ён быў арцыбіскупам Тура, а ў 2005-2017 гадах – арцыбіскупам Парыжа. З 2007 па 2013 год ён быў старшынёй французскага епіскапату. У 2007 годзе Папа Бэнэдыкт XVI узвёў яго ў кардыналы.
Нягледзячы на тое, што ў апошнія гады ён пакутаваў ад рэдкай і прагрэсуючай неўралагічнай хваробы, сіндрому Гіена-Барэ, у снежні мінулага года ён удзельнічаў ва ўрачыстасці адкрыцця парыжскай катэдры Нотр-Дам пасля рамонту, выкліканага пажарам 2018 года.
Пасля смерці кардынала Вэн-Труа Калегія кардыналаў складаецца з 249 іерархаў. 35 кардыналаў паходзяць з наміцыі святога Яна Паўла II, 61 – Бэнэдыкта XVI, а 147 – Францішка. 130 з іх маюць права ўдзельнічаць у магчымым канклаве.