Новы кустод Святой Зямлі прыняў служэнне ў Іерусаліме
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Італьянскі францішканін урачыста прыняў абавязкі кустода Святой Зямлі ў іерусалімскім касцёле Найсвяцейшага Збаўцы. Яго папярэднік айцец Франчэска Патон займаў гэтую пасаду з 2016 года.
Жывая прысутнасць побач з хрысціянамі ў Святой Зямлі
У сваёй прамове новы кустод падкрэсліў, што яго місія выходзіць за межы аховы гістарычных месцаў: "Нашай задачай з'яўляецца не толькі ахова святых месцаў, але таксама жывая, душпастырская прысутнасць побач з хрысціянамі". Супольнасць з больш чым 300 братоў з 50 краін, якія працуюць на Блізкім Усходзе, ён назваў "міжнароднай сімфоніяй талентаў і пакліканняў".
Айцец Ельпа адзначыў, што прымае адказнасць у напружаны для рэгіёна час. Ён згадаў пра эскалацыю ў Газе, дзе загінулі каля 57 тысяч чалавек, і нядаўнія напады на хрысціянскія супольнасці, у тым ліку на каталіцкую парафію ў Газе.
Нягледзячы на няўпэўненасць, кустод падкрэсліў важнасць адукацыйнай місіі францішканаў: 17 школ выхоўваюць тысячы маладых людзей, як хрысціян, так і мусульман, у духу міру. Ён таксама адзначыў дабрачынную працу для патрабуючых палесцінскіх сем'яў.
Хвалі высокія, але тыя, хто глядзіць на Езуса, не баяцца
Перад інаўгурацыяй айцец Ельпа наведаў францішканскія супольнасці ў Ліване і Сірыі, уключаючы раён Дамаска, дзе ў тэрарыстычным замаху загінулі больш за 30 хрысціян. Там ён адчуў "глыбока ўкаранёную хрысціянскую тоеснасць", мацнейшую за этнічную ці палітычную прыналежнасць.
Манах заклікаў братоў скіраваць увагу на Хрыста: "Хвалі высокія, як у Евангеллі. Але тыя, хто глядзіць на Езуса, не маюць прычыны баяцца". Ён нагадаў, што служэнне францішканаў доўжыцца стагоддзямі "дзякуючы дзеянню Духа Святога ".
Францішканская Кустодыя Святой Зямлі існуе больш за 800 гадоў, апякуючыся хрысціянскімі храмамі ў рэгіёне Блізкага Усходу і забяспечваючы душпастырскую і сацыяльную падтрымку мясцовым хрысціянам.