MAP

Каталіцкія ўніверсітэты заклікаюць моладзь спрыяць устойліваму развіццю Каталіцкія ўніверсітэты заклікаюць моладзь спрыяць устойліваму развіццю 

Каталіцкія ВНУ да моладзі: дзейнічаць дзеля ўстойлівага развіцця

Стратэгічны альянс каталіцкіх даследчых універсітэтаў (SACRU), які аб'ядноўвае сем навучальных устаноў, прадставіў сваю першую сумесную публікацыю. Яна прысвечана студэнцкім ініцыятывам, накіраваным на дасягненне Мэт устойлівага развіцця ААН.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Справаздача пад назвай “Садзейнічанне глабальным зменам” (Driving Global Change) адрасуецца ўніверсітэтам, міжнародным арганізацыям, палітыкам, фондам, СМІ, а таксама грамадзянам, занятым у адукацыйнай і сацыяльнай сферах. Яна заклікае да разважанняў і актыўных дзеянняў.

У публікацыі прадстаўлены канкрэтныя ініцыятывы сямі партнёрскіх універсітэтаў, накіраваныя на ўстойлівае развіццё. Напрыклад, студэнты з Бостанскага каледжа распрацавалі ірыгацыйную сістэму для забеспячэння пітной вадой вёскі ў Эквадоры, Партугальскі каталіцкі ўніверсітэт стварае падкасты для барацьбы са стыгматызацыяй людзей з праблемамі псіхічнага здароўя, студэнты іспанскага каталіцкага ўніверсітэта даследуюць тэму лічбавага гуманізму, а Сафійскі ўніверсітэт у Японіі шукае ўстойлівую альтэрнатыву некантралюемай урбанізацыі.

Па словах старшыні SACRU, прафесара Аўстралійскага каталіцкага ўніверсітэта Златка Скрбіса, клопат пра агульны дом – гэта не толькі навуковая ці палітычная неабходнасць, але і маральны імператыў. Генеральны сакратар SACRU і дэкан факультэта сельскагаспадарчых, харчовых і экалагічных навук Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца П'ер Сандра Каканчэлі падкрэсліў, што "рашэнне глабальных праблем патрабуе не толькі ведаў і досведу прызнаных навукоўцаў, але і перспектыў маладых даследчыкаў і студэнтаў. (...) Устойлівае развіццё – гэта заклік да дзеяння, скіраваны да кожнага".

Міжнародная сетка каталіцкіх ВНУ

У склад Стратэгічнага альянсу каталіцкіх даследчых універсітэтаў (SACRU) ўваходзяць універсітэты з Аўстраліі, ЗША, Чылі, Бразіліі, Японіі, Партугаліі, Італіі і Іспаніі. Мэта альянсу – садзейнічаць глабальнаму супрацоўніцтву дзеля развіцця вышэйшай адукацыі і агульнага дабра. Сакратарыят арганізацыі месціцца ў Каталіцкім універсітэце Найсвяцейшага Сэрца ў Італіі.

Мэты ўстойлівага развіцця ААН

Мэты ўстойлівага развіцця – гэта 17 глабальных задач, прынятых ААН у 2015 годзе ў рамках Парадку дня на перыяд да 2030 года. Яны накіраваны на выкараненне беднасці, абарону планеты і забеспячэнне міру і дабрабыту для ўсіх. Кожная мэта датычыцца важнай праблемы, такой як змена клімату, гендарная роўнасць, доступ да адукацыі, аховы здароўя, годнай працы і сацыяльнай справядлівасці.

01 ліпеня 2025, 10:55