MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Касцёл у лічбах: епіскапат Германіі апублікаваў новую статыстыку

У Германіі пражывае каля 20 мільёнаў католікаў, але ўсё менш і менш людзей прымае сакрамэнт сужэнства і аддае перавагу пахаванню паводле каталіцкага абраду, паведаміла агенцтва KAI са спасылкай на нямецкі епіскапат.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

30 ліпеня 2025 года ў Боне была апублікавана брашура “Касцёл у лічбах”. З яе вынікае, што ў 2024 годзе ў Германіі было заключана 22 500 каталіцкіх шлюбаў. Годам раней сакрамэнт сужэнства прынялі 27 560 пар.

Колькасць каталіцкіх шлюбаў змяншаецца з 1990 года. Паводле даных нямецкага епіскапату, напрыканцы 1980-х гадоў у касцёлах Германіі сакрамэнт сужэнства штогод прымалі каля 110 000 пар.

Таксама зменшылася колькасць пахаванняў паводле каталіцкага абраду. У 2024 годзе іх было каля 213 000, што складае прыкладна чвэрць ад усіх пахаванняў, праведзеных у Германіі. У 2023 годзе адбылося 226 200 пахаванняў паводле каталіцкага абраду.

Як паказвае статыстыка, у найбольш густанаселеных федэральных землях – Баварыі і Паўночным Рэйне-Вестфаліі, дзе таксама пражывае большасць католікаў Германіі, большасць шлюбаў і пахаванняў адбываецца па каталіцкім абрадзе. Паводле брашуры, у гэтых дзвюх федэральных землях зафіксаваны таксама і найбольшы спад колькасці членаў Касцёла – больш за 80 000 чалавек.

Сярод 27 каталіцкіх дыяцэзій найвышэйшы працэнт выхадаў з Касцёла зафіксаваны ў Гамбургскай архідыяцэзіі, а таксама ў Дрэздэн-Майсенскай, Лімбургскай, Майнцскай і Фрайбургскай дыяцэзіях. Кёльнская архідыяцэзія займае шостае месца. Найменш працэнт выхадаў адзначаны ў Берлінскай архідыяцэзіі і дыяцэзіі Гёрліц.

У нядзельнай святой Імшы ў Германіі ў сярэднім удзельнічае 6,6 працэнта католікаў. Колькасць удзельнікаў літургіі падлічваецца ва ўсіх парафіях і душпастырскіх структурах Германіі ў “звычайныя” нядзелі літургічнага года – у другую нядзелю Вялікага посту і другую нядзелю лістапада. Такім чынам, у 2024 годзе сярэдняя колькасць удзельнікаў нядзельнай літургіі склала 1 306 000 чалавек.

Нягледзячы на спад колькасці католікаў, Касцёл працягвае займаць важнае месца ў жыцці нямецкага грамадства дзякуючы сваім дабрачынных і адукацыйным структурам.
 

31 ліпеня 2025, 10:56