MAP

Дзяўчына ля патрэта Карла Акуціса Дзяўчына ля патрэта Карла Акуціса 

Святы Пасад: тэалагічная ацэнка асобы Карла Акуціса

За некалькі тыдняў да кананізацыі Карла Акуціса Святы Пасад апублікаваў тэалагічную ацэнку, якая прадстаўляе маладога італьянца як узор веры для новага пакалення.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Езуіт Артура Эльберці, тэолаг і кансультант Дыкастэрыі па справах кананізацыі, у каментары для “Vatican News” падкрэсліў гарманічнае спалучэнне тэхнічных здольнасцяў і глыбокай духоўнасці ў асобе Карла Акуціса. "Ён быў не настаўнікам Касцёла, але верагодным сведкам", - адзначыў манах.

"Ён знайшоў у Хрысце сябра, настаўніка, збаўцу, сэнс свайго жыцця"

Эльберці асабіста сустракаўся з Карла ў 2006 годзе ў Езуіцкім калегіуме Льва XIII у Мілане, дзе 15-гадовы хлопец быў прадстаўлены яму святаром як "духоўна актыўны юнак з сонечным характарам". Неўзабаве пасля гэтага, у кастрычніку таго ж года, Карла памёр ад агрэсіўнай лейкеміі.

Пра кананізацыю ватыканскі кансультант напісаў, што яна выклікала вялікую цікавасць і чаканні ва ўсім свеце, хоць часам сустракаюцца розныя меркаванні і "досыць скажоныя тлумачэнні асобы" Акуціса. Важна, аднак, зразумець Карла "ў яго духоўнай і місіянерскай разнастайнасці".

“Эўхарыстыя – мая аўтастрада ў нябёсы”

Карла вылучаўся тэхнічным талентам – яшчэ падлеткам ён распрацоўваў вэб-сайты для касцельных устаноў – а таксама сваёй гатоўнасцю дапамагаць і моцнай верай. "Тое, што адрознівае Карла ад многіх равеснікаў, – гэта яго ранняя і глыбокая сувязь з Езусам Хрыстом", - піша Эльберці.

У цэнтры духоўнасці Карла былі Эўхарыстыя і пашана да Марыі. Ён штодзённа ўдзельнічаў у святой Імшы і доўгі час праводзіў у малітве перад табернаклем. Для падлетка Эўхарыстыя была асабістым досведам і крыніцай сілы. Найбольш характэрны яго выраз: "Эўхарыстыя – мая аўтастрада ў нябёсы".

"Касцёл – захавальнік скарбаў, якія могуць нас збавіць"

Нават калі часам ён чуў насмешкі з прычыны сваёй пабожнасці, трымаўся сваіх перакананняў: "Большасць мае рацыю толькі тады, калі яна ў праўдзе – ніколі, таму што яна большасць". Малады італьянец быў перакананы: "Крытыкаваць Касцёл – значыць крытыкаваць саміх сябе. Касцёл – захавальнік скарбаў, якія могуць нас збавіць".

Карла Акуціс нарадзіўся 3 мая 1991 года ў Лондане і вырас у Мілане. Ён памёр 12 кастрычніка 2006 года ва ўзросце 15 гадоў ад агрэсіўнай формы лейкеміі. 7 верасня 2025 года ў Рыме Папа Леў XIV кананізуе яго разам з яшчэ адным маладым італьянцам, П'ерам Джорджа Фрасаці. Карла Акуціс стане першым афіцыйна кананізаваным прадстаўніком пакалення міленіялаў.
 

23 ліпеня 2025, 11:04