Кардынал Дзупі: Папа бачыць парафіі як асяродкі міру і дыялогу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пасля сустрэчы з расійскім паслом пры Святым Пасадзе, кардынал Матэа Дзупі наведаў студыю “Ватыканскага радыё” для інтэрв'ю. Размова пачалася са слоў, якія Папа Леў XIV прамовіў 17 чэрвеня 2025 года, прымаючы італьянскіх біскупаў, калі даў дакладнае, драматычна актуальнае ўказанне адносна часу, у якім мы жывём, заклікаючы ўсе дыяцэзіі развіваць душпастырства міру.
Сёння мы сутыкаемся з драматычнай сітуацыяй, якая патрабуе неадкладных дзеянняў
"Важна знаходзіць моманты для дыялогу па гэтых тэмах, якія сёння вырашальныя і драматычныя, - адзначыў кардынал Дзупі. - Мы не можам абмяжоўвацца акадэмічнай дыскусіяй пра мір, якая ў канчатковым выніку была б дыялогам тых, хто адчувае сябе добра. Не, гэта трагічная дыскусія, якая сутыкаецца з безліччу войнаў і жахлівым насіллем".
Іерарх падкрэсліў, што заклік Льва XIV супрацьстаіць сітуацыі, якую толькі безадказныя людзі могуць лічыць устойлівай. "Папа, як адказны чалавек, заклікаў нас зрабіць кожную супольнасць 'домам міру'. Ён выкарыстаў гэты вельмі канкрэтны і эфектыўны выраз: дом міру", - заўважыў папскі спецпасланнік па Украіне.
У прыняцці заключаецца супрацьяддзе насіллю і вайне
Арцыбіскуп Балонні таксама падкрэсліў значэнне прыняцця і салідарнасці. "У прыняцці заключаецца супрацьяддзе насіллю і вайне, а салідарнасць неабходная для дапамогі тым, хто пацярпеў ад буры вайны", - сказаў ён, прыгадваючы дзяцей з Украіны, якія нядаўна былі прынятыя ў Ватыкане.
"Убачыць пакуты чалавека побач, не праходзіць міма абыякава, спыніць нашу штодзённую мітусню і дазволіць, каб лёс бліжняга, кім бы ён ні быў, з усімі яго нястачамі і пакутамі, глыбока кранаў наша сэрца. Гэта робіць нас сапраўднымі бліжнімі адно для аднаго і спараджае шчырае братэрства", - так падсумаваў словы Папы да італьянскіх іерархаў Дзупі.
Малітва, прыняцце і салідарнасць – тры стаўпы душпастырства міру
Гаворачы пра сувязь паміж евангелізацыяй і сацыяльнай дзейнасцю, кардынал адзначыў: "Існуе цесная сувязь паміж евангелізацыяй і чалавечым развіццём, паміж эўхарыстычным сталом і сталом для бедных. Гэтае адзінства паміж любоўю і праўдай, паміж евангелізацыяй і чалавечым развіццём ніколі не можа адсутнічаць".
Звяртаючыся да першых двух месяцаў пантыфікату Папы Льва XIV, кардынал Дзупі адзначыў: "Гэтыя месяцы адзначаны вялікай лагоднасцю, рашучасцю і жаданнем працягваць шлях. Традыцыя ў Касцёле з'яўляецца чымсьці надзвычайным, бо яна заўсёды перадае тое, што мае, у пераемнасці, але ў той жа час і ў адрозненнях, уласцівых кожнаму Пантыфіку".