Кардынал Піцабала: пакончыць з гэтым абсурдам, спыніць вайну
Марыя Валодзіна - Vatican News
“Патрыярх Тэафіл III і я вярнуліся з Газы з разбітымі сэрцамі. Але таксама натхнёныя сведчаннем тых, каго сустрэлі”, - сказаў каталіцкі іерарх.
“Мы апынуліся ў месцы, дзе пануе спусташэнне, але таксама і глыбокая чалавечнасць. Мы ішлі па пылу руін, міма разбураных будынкаў і намётаў, раскіданых паўсюль: у дварах, завулках, на вуліцах і нават на пляжах. Намёты сталі дамамі для тых, хто страціў усё. Мы размаўлялі з сем’ямі, якія ўжо не лічаць дні выгнання, бо не бачаць перспектыў для вяртання. Дзеці гуляюць, не звяртаючы ўвагі на выбухі, яны ўжо да іх прызвычаіліся”, - распавёў кардынал Піцабала.
І ўсё ж, пасярод гэтага хаосу, адчуваецца нешта больш глыбокае за разбурэнне – нязгасная годнасць чалавечага духу, - сцвердзіў ён. Яна праяўляецца ў шматлікіх учынках міласэрнасці: маці гатуюць ежу для іншых, медсёстры перавязваюць раны, а людзі розных веравызнанняў працягваюць маліцца Богу.
Кардынал Піцабала запэўніў, што Касцёл, уся хрысціянская супольнасць, ніколі не пакіне гэтых людзей. Ён падкрэсліў, што гэтая місія не абмяжоўваецца адной групай – яна для ўсіх. “Нашы шпіталі, прытулкі, школы, парафіі – Святога Парфірыя, Святой Сям'і, арабскі шпіталь Аль-Ахлі, Карытас – гэта месцы сустрэчы і еднасці ўсіх: хрысціян, мусульман, вернікаў, тых, хто сумняваецца, дзяцей і бежанцаў”, - сказаў Патрыярх.
“Гуманітарная дапамога – гэта не проста неабходнасць, а пытанне жыцця і смерці. Адмова ад яе – не затрымка, а прысуд. Кожная гадзіна без ежы, вады, лекаў і прытулку прычыняе вялікую шкоду”, - адзначыў іерарх, выказваючы падтрымку ўсім гуманітарным арганізацыям - мясцовым і міжнародным, хрысціянскім і мусульманскім, рэлігійным і свецкім, якія, нягледзячы на рызыку, імкнуцца дапамагаць насельніцтву.
Лацінскі Патрыярх Іерусаліма заклікаў лідараў рэгіёна і ўсяго свету пакласці канец вайне. “Не можа быць будучыні, пабудаванай на палоне, выгнанні палесцінцаў або помсце. Павінен быць спосаб аднавіць жыццё, годнасць і згубленую чалавечнасць”, - сказаў ён.
“Пасля заканчэння вайны нас чакае доўгі шлях аздараўлення і прымірэння палесцінскага і ізраільскага народаў, бо вайна пакінула занадта шмат ран. Патрэбнае шчырае, балючае і мужнае прымірэнне. Не забыць, але дараваць. Не сцерці раны, але пераўтварыць іх у мудрасць. Толькі такім шляхам можна прыйсці да міру – як палітычнага, так і чалавечага”, - сцвердзіў кардынал Піцабала.