Кардынал Раі: ліванская мадэль – хрысціяне і мусульмане разам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Мараніцкі Патрыярх, кардынал Бешара Раі заклікаў захаваць ліванскую мадэль мірнага суіснавання розных рэлігій, падкрэсліваючы яе важнасць для ўсяго рэгіёна.
Супольнае жыццё хрысціян і мусульман спрыяе міру і ўмеранасці
"Ліванская мадэль уключае хрысціянскія і мусульманскія каштоўнасці, таму магчыма мірнае суіснаванне. Мы хочам, каб усе ліванцы, хрысціяне і мусульмане, засталіся ў краіне. Тое ж самае датычыцца Сірыі і Іраку. Сумеснае жыццё вядзе да ўмеранага ісламу," - падкрэслівае кардынал.
У якасці прыкладу ён прыводзіць каталіцкія школы, дзе вучацца мусульманскія дзеці. У 2024 годзе, Папскі фонд "Дапамога Касцёлу ў Патрэбе" падтрымліваў больш за 160 такіх школ у рэгіёне.
Эканамічны крызіс ставіць пад пагрозу хрысціянскую прысутнасць
Сітуацыя ў Ліване застаецца складанай. Узровень беднасці павысіўся з 12 працэнтаў у 2012 годзе да 44 працэнтаў у 2022 годзе. Крызіс, пагоршаны выбухам у порце Бейрута ў 2020 годзе, прывёў да масавай эміграцыі – у 2021 годзе краіну пакінулі каля 77 тысяч маладых людзей.
"Усе ліванцы пакутуюць ад крызісу, але хрысціяне могуць разлічваць толькі на Касцёл, які мае абмежаваныя рэсурсы. Ім не хапае ежы, лекаў і медыцынскай дапамогі," - тлумачыць Патрыярх.
Хрысціянская прысутнасць мае гістарычнае значэнне
"Хрысціяне маюць місію сведчыць пра веру ў гэтай змучанай частцы свету. Менавіта тут знаходзяцца карані хрысціянства, з I стагоддзя. Першыя хрысціянскія супольнасці былі тут, і мы павінны дапамагчы ім выжыць," - заклікае кардынал Раі.
85-гадовы Кардынал Бешара Раі быў абраны Патрыярхам Мараніцкай Царквы ў 2011 годзе. На канец 2022 года мараніцкая супольнасць налічвала 3,5 мільёна вернікаў, каля 1400 святароў і 42 епіскапы.