Іспанія: біскуп асудзіў гвалт супраць мігрантаў
Vatican News
11-13 ліпеня 2025 года ў іспанскім горадзе Торэ-Пачэка пракацілася хваля сутыкненняў. Ультраправыя групоўкі ініцыявалі рэйды і напады на маладых мігрантаў паўночнаафрыканскага паходжання. Біскуп Картахены Хасэ Мануэль Лорка Планэс заклікаў да супакою і непахіснага сведчання братэрства і ненасілля.
Клімат напружанасці
Мясцовыя СМІ ахарактарызавалі гэтыя інцыдэнты як "паляванне на людзей", падкрэсліваючы мэтанакіраваны характар гвалту ў дачыненні да мігрантаў. Перадумовай паслужыў напад на пажылога мясцовага жыхара ў сераду, 9 ліпеня, у якім нібыта ўдзельнічалі маладыя паўночнаафрыканцы.
У адказ на агрэсію каля 2 тысяч чалавек сабраліся ўвечары 11 ліпеня на мірную акцыю, арганізаваную мэрам горада. Неўзабаве аднак дэманстрацыю перапынілі ўльтраправыя актывісты, ператварыўшы яе ў акт агрэсіі: мігрантаў пераследвалі па вуліцах, закідвалі камянямі, пагражалі і здымалі на відэа. Гэтыя сцэны шырока распаўсюдзіліся ў сацыяльных сетках. Паліцыя з цяжкасцю стрымлівала сітуацыю.
Ультраправыя актывісты таксама актыўна заклікалі ў інтэрнэце да высылкі паўночнаафрыканцаў, ужываючы абразлівыя выразы і пагрозы, а таксама падбухторвалі да нападаў на крамы, якія належыць мігрантам. Нягледзячы на ўзмоцненую прысутнасць паліцыі, у раёнах, дзе пражываюць вялікія супольнасці мараканцаў, адбыліся новыя інцыдэнты, некаторыя мігранты адрэагавалі на правакацыі.
Заклікі да дыялогу і інтэграцыі
Амаль трэць насельніцтва Торэ-Пачэка складаюць замежнікі, шмат хто з іх працуе ў сельскай гаспадарцы – важным сектары мясцовай эканомікі. У сувязі з ростам сацыяльнай напружанасці, мясцовыя ўлады і арганізацыі грамадзянскай супольнасці выступілі з заклікамі да дыялогу і мірнага суіснавання.
Мэр горада паўтарыў свой заклік да спакою і ўзмацнення мер бяспекі. У сваю чаргу, старшыня Асацыяцыі працоўных з Магрыба ў Іспаніі, Сабах Якубі, рашуча асудзіў напады, назваўшы іх "актамі лінчавання".
Біскуп Картахены Хасэ Мануэль Лорка Планэс выступіў з заявай, у якой падкрэсліў, што гвалт "не з'яўляецца вырашэннем" і толькі пагаршае страх і няўпэўненасць. Ён падзякаваў жыхарам Торэ-Пачэка за іх даўні дух салідарнасці і гасціннасці, асабліва за іх ролю ў працаўладкаванні і інтэграцыі мігрантаў.
Іерарх таксама падзякаваў мясцовай парафіі і супольнасці за актыўную працу па садзейнічанні супакою і прымірэнню, заклікаўшы ўсіх жыхароў пазбягаць "любых форм экстрэмізму" і працягваць прытрымлівацца свайго хрысціянскага паклікання, сведчачы пра мір, любоў і прабачэнне.