Інданезія: да каталіцкага марыйнага свята далучыліся мусульмане
Марыя Валодзіна - Vatican News
9 ліпеня 2025 года сотні вернікаў прынялі ўдзел у марыйнай працэсіі "Гола Коэ”, якая праходзіць у парафіі святога Марціна ў Бары на востраве Флорэс. Як паведаміла Radio Veritas Asia (RVA), фэст працягнецца з 9 ліпеня да 14 жніўня 2025 года і ахопіць 26 парафій.
Першапачаткова планавалася правесці марскую пілігрымку, але з-за неспрыяльнага надвор’я працэсію перанеслі на сушу. Урачыстае адкрыццё фэсту было адзначана традыцыйнымі танцамі і песнямі.
Асаблівую ўвагу прыцягнуў актыўны ўдзел мясцовых мусульман у традыцыйным адзенні, якія далучыліся да святкавання, упрыгожыўшы вуліцы бамбукавымі парасткамі ў знак пашаны да Найсвяцейшай Панны Марыі. Іх удзел стаў яркім сведчаннем міжканфесійнай салідарнасці, паведамляе RVA.
Біскуп Максімус Рэгус, які ўзначаліў урачыстую Імшу, назваў Марыю “ўзорам адзінства і прысутнасці”. “Яе візіт нагадвае нам, што Бог побач з намі. Удзел нашых мусульманскіх братоў і сясцёр адлюстроўвае інклюзіўны дух фэсту", - сказаў іерарх.