Духоўны ўздым: рэкордная колькасць французаў на Юбілеі Моладзі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пілігрымы з Францыі падрыхтавалі ўласны гімн "Пакаленне Юбілею" (Génération Jubilé) і тэатральную пастаноўку "Перад крамай ювеліра" паводле твора Караля Вайтылы. "Мы хочам кранаць гледачоў і перадаць пасланне пра Бога і тэалогію цела Яна Паўла II", - кажа адзін з кіраўнікоў тэатральнай групы "Le Reflet". Запланавана чатыры спектаклі ў адным з рымскіх тэатраў.
Французы разглядаюць Юбілей Моладзі як своеасаблівыя дадатковыя Сусветныя дні моладзі. Многія прыедуць у Рым дзякуючы станоўчаму досведу ад папярэдняга глабальнага форуму ў Лісабоне.
У праграме Юбілею 31 ліпеня 2025 года адведзены асобны час для сустрэч і малітвы катэхуменаў і неафітаў з Францыі. У “французскі” касцёл святога Людовіка ў Рыме прывезены рэліквіі святога Яна Марыі Віянэя, апекуна пробашчаў, і рэліквіі святога Яна Эда, прапаведніка XVII стагоддзя.
Францыя перажывае час духоўнага абуджэння. Аб гэтым сведчаць паведамленні пра рэкордную колькасць удзельнікаў пілігрымкі з Парыжа да Шартра, натоўпы парыжскіх ліцэістаў у Лурдзе, перапоўненыя касцёлы ў Папяльцовую сераду і, што найбольш уражвае, беспрэцэдэнтны рост просьбаў аб хросце, асабліва сярод моладзі.