Эстонія: падрыхтоўка да беатыфікацыі арцыбіскупа Профітліха
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Чытанне распачнецца 4 верасня і будзе доўжыцца каля 21 гадзіны. Акцыя будзе транслявацца анлайн. Уваход у касцёл падчас яе правядзення будзе адкрыты для ўсіх ахвотных, паведаміла інфармацыйнае агенцтва KAI.
Ініцыятыва мае на мэце паіменна ўшанаваць мужчын, жанчын і дзяцей, якія згубілі жыццё ў выніку рэпрэсій, дэпартацый ці зняволення ў працоўных лагерах. Яе арганізатарамі выступілі талінскія дамінікане і свецкае брацтва Фра Анджэліка.
Імёны былі ўзятыя з даследаванняў, праведзеных няўрадавай арганізацыяй “Memento” і фондам Інстытута гістарычнай памяці Эстоніі. Іх зачытаюць каля 150 чалавек з розных грамадскіх груп.
Акцыя завершыцца 5 верасня ўрачыстай працэсіяй да катэдральнага касцёла святых Пятра і Паўла. Увечары, напярэдадні беатыфікацыі, у катэдры адбудзецца канцэрт у памяць пра ахвяр камуністычнага рэжыму.
Арцыбіскуп Эдуард Профітліх будзе беатыфікаваны 6 верасня падчас урачыстай святой Імшы, якую на талінскай Плошчы Свабоды ўзначаліць папскі легат, кардынал Крыстаф Шонбарн, арцыбіскуп-эмерыт Вены. Гэта будзе першая беатыфікацыя ў гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Эстоніі. Пасля яе завяршэння запланавана экуменічнае малітоўнае чуванне.
Эдуард Профітліх нарадзіўся 11 верасня 1890 года ў нямецкім Бірэсдорфе. У 1913 годзе ён уступіў у Таварыства Езуса. Быў тытулярным арцыбіскупам Адрыянопаля і апостальскім адміністратарам Эстоніі, дзе служыў Касцёлу ў складаны перыяд савецкай акупацыі. Арцыбіскуп Профітліх быў арыштаваны савецкімі ўладамі і памёр 22 лютага 1942 года ў турме ў Кіраве ад цяжкіх турэмных умоў. У студзені 2024 года Папа Францішак ухваліў дэкрэт аб прызнанні яго мучаніцтва.