Біскупы Беларусі запрашаюць Льва XIV наведаць краіну
Vatican News
Запрашэнне Пантыфіку было агучана падчас урачыстасцей у гонар Маці Божай Будслаўскай 5 ліпеня 2025 года. Імшу, якую трансліравалі YouTube-канал нацыянальнага санктуарыя і Трэці канал дзяржаўнага тэлебачання, узначаліў старшыня епіскапату, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Запрашаем і з нецярпеннем чакаем Папу Льва XIV у Беларусі
У Эўхарыстыі прынялі ўдзел апостальскі нунцый, арцыбіскуп Іньяцыё Чэфалія, усе беларускія каталіцкія біскупы, а таксама шматлікія вернікі. Прыбыла таксама група вернікаў з дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве (Расія) разам са сваім біскупам Клеменсам Пікелем. Ва ўрачыстасцях узялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных улад, традыцыйных рэлігій Беларусі, а таксама дыпламатычных місій.
Прыбываю да вас не як чужы, але як брат сярод братоў
У сваёй гаміліі арцыбіскуп Чэфалія перадаў "айцоўскае прывітанне і апостальскае благаслаўленне ад нашага дарагога Папы Льва XIV”. Дыпламат запэўніў вернікаў у папскай малітве “за любімую і паважаную краіну і за кожнага з вас". Ён прызнаўся, што гэта была яго першая сустрэча з беларускімі католікамі як нунцыя, якую ён чакаў з нецярплівасцю.
"Я прыбываю да вас не як чужынец, але як брат сярод братоў, як пілігрым сярод пілігрымаў. Прыбываю са шчырым жаданнем пазнаёміцца з вамі, ісці поруч з вамі і "быць да вашых паслуг", - запэўніў ён. Арцыбіскуп выказаў надзею на тое, што час, праведзены ў Беларусі, стане "часам ласкі і ўзаемнага суправаджэння".
Які цудоўны вобраз Касцёла, які пілігрымуе!
У канцы Імшы арцыбіскуп Станеўскі, звяртаючыся да моладзі, заахвоціў яе з энтузіязмам адказаць на запрашэнне да працы ў вінаградніку Пана. Ён падзякаваў старэйшаму пакаленню за прыклад веры праз пілігрымаванне, а таксама дзецям, якія смела ўступаюць на гэты шлях.
Звяртаючыся да апостальскага нунцыя, старшыня беларускага епіскапату папрасіў яго перадаць Святому Айцу цёплае сыноўскае прывітанне і запэўненне ў малітоўнай памяці пра яго.
"Мы запрашаем і з нецярплівасцю чакаем Папу Льва XIV у Беларусі. Мы сардэчна яго запрашаем", - дадаў ён. Затым, перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, ён прачытаў Акт прысвячэння Касцёла ў Беларусі Божай Міласэрнасці.