MAP

Парцыюнкула – капліца святога Францішка Парцыюнкула – капліца святога Францішка 

Цуд Парцыюнкулы: Асізі чакае моладзь і пілігрымаў

З 29 ліпеня па 4 жніўня 2025 года Асізі прыме тысячы пілігрымаў з нагоды адпусту Парцыюнкулы, які прыпадае на 2 жніўня.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Менавіта тут у 1216 годзе Францішак прасіў Хрыста, каб кожны вернік пасля споведзі і пакаяння мог атрымаць поўнае дараванне грахоў. На просьбу Бедняка з Асізі Папа Ганорый III зацвердзіў гэты прывілей.

Асаблівым госцем святкаванняў сёлета будзе біскуп Паола Марцінэлі, апостальскі вікарый Паўднёвай Аравіі.

Аднак гэтым летам Асізі стане не толькі месцам традыцыйнага адпусту, але і жывым мостам да Юбілею Моладзі ў Рыме. 27 ліпеня горад напоўніцца энергіяй маладых пілігрымаў з розных краін якія затрымаюцца тут перад далейшай дарогай у Вечны Горад.

Самым каларытным момантам стане прыбыццё ўдзельнікаў 43-га “Францішканскага маршу”. Яны ідуць несучы мінімум рэчаў у заплечніках, спяць на зямлі ў спальных мяшках, перажываючы тую ж беднасць, якую абраў святы Францішак. У гэтым годзе шлях многіх з іх не скончыцца ў Асізі – яны працягнуць падарожжа да Рыма для ўдзелу ў Юбілеі Моладзі і сустрэчы з Папам Львом XIV.

Вечары ў Асізі напоўняцца малітвамі, спевамі і святлом свечак падчас працэсіі 2 жніўня. Гэты дзень стане таксама момантам еднасці, калі будзе падпісана "Дамова Сяброўства" паміж санктуарыямі Парцыюнкула і Колемаджа – двума месцамі, дзе квітнее дух міласэрнасці.

Парцыюнкула – невялічкая капліца, чыя назва ў перакладзе з італьянскай сціпла азначае "маленькі кавалачак зямлі" – тут малады Францішак, сын заможнага купца, некалі адчуў покліч да радыкальнай прастаты.

Гэты першапачаткова занядбаны куточак маладому Францішку, які шукаў ціхае месца для малітвы, у 1211 годзе перадалі бенедыктынцы. Ніхто не мог прадбачыць, што гэты "маленькі кавалачак зямлі" стане духоўным эпіцэнтрам. Тут святая Клара ў драматычную ноч атрымала манаскі габіт з рук Францішка, адракаючыся ад прывілеяванага жыцця. Тут нарадзіўся францішканскі рух, які пашырыўся па ўсім свеце. І менавіта тут, каля гэтых сціплых каменных сцен, 3 кастрычніка 1226 года Францішак – ужо знясілены хваробамі, але з унутраным святлом – завяршыў сваё зямное падарожжа.

Парцыюнкула стала не проста будынкам, а сапраўдным духоўным скрыжаваннем, дзе неба сустракаецца з зямлёй, дзе да сённяшняга дня пілігрымы шукаюць тое самае – шчодры дар Божай міласэрнасці, які некалі атрымаў тут сціплы Бядняк з Асізі.
 

14 ліпеня 2025, 10:23