Ангольскія біскупы заклікаюць да стрыманасці на фоне вандалізму
Vatican News
Хваляванні ў сталіцы Анголы пачаліся з трохдзённай забастоўкі таксістаў, якія пратэставалі супраць павышэння коштаў на бензін. Сітуацыя хутка перарасла ў беспарадкі, акты вандалізму і марадзёрства. Былі разрабаваны крамы, пашкоджаны банкі і транспартныя сродкі. Гэта адна з самых масавых і разбуральных хваль пратэсту, якія назіраліся ў краіне за апошнія гады.
Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Анголы і Сан-Тамэ, арцыбіскуп Жазэ Мануэль Імбамба, выказаў сваю занепакоенасць сітуацыяй. Ён падкрэсліў, што нягледзячы на складанае сацыяльна-эканамічнае становішча і высокі ўзровень беднасці, вандалізм, які падрывае сацыяльны дабрабыт сем’яў і нішчыць грамадскую і прыватную маёмасць, не можа быць апраўданы. Іерарх заклікаў да стрыманасці і дыялогу.