Гістарычны момант: у Амане паўстаў каталіцкі душпастырскі цэнтр
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Новы душпастырскі цэнтр, размешчаны пры парафіі Духа Святога ў Гала, частцы сталіцы краіны – Маската, быў пабудаваны дзякуючы ўдзелу мясцовай супольнасці і духавенства з Апостальскага вікарыята Паўднёвай Аравіі.
"Адкрыццё гэтага цэнтра – гэта гістарычная падзея, якая распачынае новы раздзел", - сказаў біскуп Паола Марцінэлі, апостальскі вікарый Паўднёвай Аравіі, францішканін-капуцын. Як ён адзначыў, будаўніцтва гэтага месца пры касцёле Духа Святога было адказам на доўгачаканае жаданне вернікаў з Гала і ўсяго вікарыята.
Вуглавы камень пад будаўніцтва быў закладзены ў ліпені 2024 года, менш чым праз год пасля нараджэння самой ідэі. Падчас падзячнай Імшы біскуп Марцінэлі заахвоціў вернікаў успрымаць новы будынак як "маяк фармацыі ў веры і духоўны дар для будучых пакаленняў". Ён таксама заклікаў іх быць "людзьмі міру і будаўнікамі мастоў", якія спрыяюць узаемнай павазе і робяць унёсак у "пабудову больш чалавечнага і братэрскага свету".
Новы душпастырскі цэнтр благаславіў апостальскі нунцый у Амане, арцыбіскуп Нікалас Тэвенэн, у прысутнасці прадстаўнікоў рэлігійных і дзяржаўных улад.
Біскуп Марцінэлі выказаў удзячнасць мясцовым уладам за падтрымку. "Гэты будынак павінен стаць помнікам сяброўства і гармоніі, якая існуе паміж Каталіцкім Касцёлам і мірна настроеным і любячым народам Султаната Аман", - адзначыў ён.