Іерусалім: мастак стварыў "імерсіўную" залу Пяцідзясятніцы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У суботу, 7 чэрвеня 2025 года, у Іерусаліме адкрылася "Зала Пяцідзясятніцы" – прастора з маштабнымі насценнымі і столевымі фрэскамі.
"Зрабіць Пяцідзясятніцу візуальна адчувальнай стварае ўнікальны духоўна-педагагічны досвед", - адзначае айцец Імон Келі з кангрэгацыі Легіянераў Хрыста, куратар цэнтра, у інтэрв'ю каталіцкаму агенцтву “KNA”.
Вячэрнік, які знаходзіцца на гары Сіён за кіламетр ад "Нотр-Дам", традыцыйна лічыцца месцам сашэсця Духа Святога на апосталаў. Айцец Келі падкрэслівае, што новая мастацкая інсталяцыя не падмяняе сабой значэння гэтага гістарычнага месца.
У Іерусаліме наведвальнікаў чакаюць гіперрэалістычныя фігуры ў натуральную велічыню на чатырох сценах і столі. Фрэскі паказваюць гістарычныя муры з купальнымі скляпеннямі, начное зорнае неба і абрысы Іерусаліма. Людзі ў старажытных вопратках адлюстраваны з выразам радасці, здзіўлення ці страху, над іх галовамі – языкі полымя.
Даніэль Карыёла, які працаваў над інсталяцыяй сем гадоў, удзяліў асаблівую ўвагу дэталям. Расстаноўка зорак на намаляваным небе адпавядае небу над Іерусалімам у ноч Шавуота, яўрэйскага свята, калі, паводле хрысціянскай традыцыі, Дух Святы сышоў на паслядоўнікаў Хрыста.
"Гэта як фільм пра маё жыццё. Нібы бачыш, як увесь шлях паступова выходзіць на святло", - падсумоўвае чылійскі мастак, які ўвекавечыў сябе на фрэсцы побач з Марыяй, з пачціва апушчанай галавой.