MAP

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Пілігрымкі ў Будслаў, сустрэча з Нунцыем, рамонт Чырвонага касцёла – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Першыя пілігрымкі выйшлі ў Будслаў. 26 чэрвеня 2025 года ў Нацыянальны санктуарый скіравалася самая працяглая пілігрымка з Баранавічаў, у той жа дзень у шлях выправіліся паломнікі з Ліды. Удзельнікі будуць ісці 9 дзён і прыбудуць да цудатворнага абраза Божай Маці 4 ліпеня – на фэст у Будславе. Пілігрымаў у Баранавічах благаславіў біскуп Пінскі Антоній Дзям'янка. Неўзабаве стартуюць пілігрымкі з Віцебска, Мінска, Нарачы, Смаргоні і іншых месцаў – усяго каля 2 тысяч вернікаў у складзе звыш 20 пешых і роварных пілігрымак штогод накіроўваюцца на фэст.

Новы нунцый сустрэўся з біскупамі Беларусі. 26 чэрвеня 2025 года ў Мінску адбылася першая сустрэча епіскапату з новым Апостальскім нунцыем у Рэспубліцы Беларусь. Арцыбіскуп Іньяцыа Чэфалія прадставіў біскупам дакумент Апостальскай Сталіцы аб сваім прызначэнні, а кожны з прысутных іерархаў мог расказаць пасланніку Папы пра сваю гісторыю, падзяліцца досведам служэння ў Касцёле.

Пачаўся рамонт Чырвонага касцёла ў Мінску. Рэканструкцыя храма cвятога Сымона і святой Алены адбываецца згодна з праектам, які быў апублікаваны ў дакументацыі тэндэру на пляцоўцы дзяржзакупак. У канцы чэрвеня вакол Чырвонага касцёла з'явіліся агароджа і тэхніка. Паводле закладзенага ў праект плану, працы працягнуцца 20 месяцаў – рамонт павінны завяршыць у снежні 2026 года, а ўвесці аб'ект у эксплуатацыю – у студзені 2027 года.

У вёсцы на Гродзеншчыне ўпершыню за дзесяцігоддзі адбылося ўрачыстае набажэнства. 24 чэрвеня 2025 года каля муроў былога касцёла ў вёсцы Грынявічы, якая адносіцца да ваўкавыскай парафіі, адзначылі ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля. Гэта было першае супольнае каталіцкае набажэнства з 1939 года. У малітве ўдзельнічала каля сотні вернікаў. Узначаліў набажэнства пробашч ваўкавыскай парафіі ксёндз Аляксандр Раманоўскі.

Настаяцель Салезіянскага таварыства ў Беларусі абараніў доктарскую дысертацыю. Каталіцка-тэалагічны факультэт універсітэта Людвіга-Максіміліяна ў Мюнхене прысвоіў ступень доктара кананічнага права ксяндзу Віктару Гайдукевічу. Рашэнне было прынята пасля паспяховага завяршэння поўнага курса доктарскай падрыхтоўкі і абароны дысертацыі ў галіне кананічнага права. Урачыстае завяршэнне працэдуры адбылося 23 чэрвеня 2025 года. Навуковае даследаванне святар выканаў у межах VI кнігі кананічнага права Карныя санкцыі ў Касцёле.

Падрыхтавана паводле catholicnews.by, pinskdiocese.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

28 чэрвеня 2025, 07:36