MAP

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Эўхарыстычныя працэсіі, Дні моладзі – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Агульнабеларускія дні моладзі праходзяць у Гродне. 20-22 чэрвеня года ў парафіi Найсвяцейшага Адкупіцеля сабраліся маладыя вернікі з усіх дыяцэзій Беларусі на сустрэчу пад дэвізам "Мы – пілігрымы надзеі". Праграма ўключае святыя Імшы, набажэнствы, канцэрты праслаўлення, дыскусіі ў тэматычных групах, сведчанні ўдзельнікаў. Таксама запланавана размова з біскупамі, якія адкажуць на пытанні моладзі.

Працэсіі Божага Цела адбыліся ў гарадах Беларусі. 19 чэрвеня 2025 года ў Віцебску Эўхарыстычную працэсію па вуліцах горада ўзначаліў ардынарый біскуп Алег Буткевіч. У Гродне вялікая колькасць вернікаў сабралася на працэсію, нягледзячы на кепскае надвор'е. У пачатку Імшы перад працэсіяй біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй адзначыў, што "ў гэты нялёгкі, поўны выклікаў час мы хочам даручыць Божаму Провіду нашу Беларусь, яе жыхароў, дзяржаўную ўладу, усе сем’і, дзяцей, моладзь і пажылых людзей, каб Бог благаславіў нашу краіну, каб вёў нас да адзінства і міру, каб у сэрцы кожнага беларуса была надзея на лепшую будучыню".

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў Мінску адзначыў 30-годдзе святарскага пасвячэння. 17 чэрвеня 2025 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі з гэтай нагоды цэлебраваў святую Імшу падзякі ў архікатэдры. У гаміліі іерарх азначыў, што ў гадавіну святарскага пасвячэння прэзбітэры выходзяць "на бераг возера" свайго жыцця, каб успомніць момант паклікання і адказ на яго і як потым гэтая "прыгода" з Езусам Хрыстом развівалася. Арцыбіскуп запрасіў да малітвы аб новых святарскіх і манаскіх пакліканнях, каб знайшліся "суразмоўцы Хрыста", якія пачуюць Яго голас і пойдуць за ім.

У Верхнядзвінску ўшанавалі памяць бласлаўлёных святароў-мучанікаў з Беразвечча і Росіцы. У той час, калі Касцёл узгадвае 108 бласлаўлёных мучанікаў, якія сталі ахвярамі Другой сусветнай вайны, у Верхнядзвінскім касцёле 13 чэрвеня 2025 года маліліся, ушаноўваючы памяць айцоў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, ксяндзоў Мечыслава Багаткевіча, Станіслава Пыртака, Уладзіслава Мацькавяка. Урачыстую Імшу ўпрыгожыў парафіяльны хор "Ave Maria" з Глыбокага, які сёлета адзначыў свой срэбны юбілей.

Падрыхтавана паводле catholicnews.by, catholicminsk.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.

21 чэрвеня 2025, 08:17