MAP

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Юбілей біскупа, сустрэча духавенства, адноўленая капліца – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Гродне дзякуюць за дар жыцця біскупа Уладзіміра Гуляя ў дзень яго 50-годдзя. З гэта нагоды 14 чэрвеня 2025 года ў гродзенскай катэдры запланавана Імша падзякі. Да ўдзелу запрасілі святароў, законных сясцёр, свецкіх вернікаў дыяцэзіі, каб падтрымаць біскупа Гродзенскага малітвай.

Адноўленую капліцу асвяціў біскуп Віцебскі ў Параф’янаве. Ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа, 8 чэрвеня 2025 года, адбылося "другое нараджэнне" капліцы Маці Божай Ружанцовай ў гэтай вёсцы ў Докшыцкім раёне. Пры ўдзеле прадстаўнікоў мясцовай улады біскуп Алег Буткевіч асвяціў капліцу і цэлебраваў святую Імшу.

У Пінску адбылася сустрэча духавенства дыяцэзіі пры ўдзеле трох біскупаў. 12 чэрвеня 2025 года, у свята Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, у катэдральнай базыліцы прайшоў дзень засяроджання для духавенства і кансэкраваных асобаў. Пасля святой Імшы ўдзельнікі маліліся на месцы пахавання Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага – аб хутчэйшай беатыфікацыі першага біскупа Пінскага, а праз яго заступніцтва прасілі Бога аб дары шчодрых святарскіх пакліканняў з парафій дыяцэзіі.

У Клюшчанах маліліся ў інтэнцыі ксяндза Канстанціна Стаповіча. 7 чэрвеня 2025 года тут узгадвалі паэта, драматурга, філосафа, вядомага таксама пад псеўданімам Казімір Сваяк. У касцёле адбылася святая Імша, а пасля літургіі ўдзельнікі наведалі Барані – родную вёску спачылага. Тут зладзілі музычна-літаратурную вечарыну, падчас якой таксама прагучалі песні, напісаныя на вершы Казіміра Сваяка.

У тэалагічных каледжах завяршыўся навучальны год. У мінскай духоўнай установе 7 чэрвеня 2025 года выпускнікі абаранілі дыпломныя работы. Найбольш папулярнымі дысцыплінамі, абранымі для напісання кваліфікацыйных работ, сталі гісторыя Касцёла, фундаментальная тэалогія, тэалогія духоўнасці і катэхетыка. Гродзенскі каледж, у якім у той жа дзень завяршыўся навучальны год святой Імшой, ужо аб'явіў новы набор навучэнцаў.

Падрыхтавана паводле catholicnews.by, pinskdiocese.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

14 чэрвеня 2025, 08:54