MAP

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Дзень дзіцяці, пасвячэнне касцёла, юбілеі святарства – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Дыяцэзіяльны Дзень дзіцяці праходзіць у Гродне. 7 чэрвеня 2025 года пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ладзяць свята пад назвай Пілігрымы надзеі. Галоўным пунктам з яўляецца святая Імша. Запланаваны таксама набажэнствы, працы ў індывідуальных групах, творчыя майстэрні, забаўляльная праграма.

Пасвячэнне новазбудаванага касцёла адбываецца ў Мінску. Парафія Божага Цела і ордэн Кармэлітаў Босых у Беларусі ладзяць урачыстасць пасвячэння касцёла і набажэнства падзякі за дар новай святыні. 7 чэрвеня 2025 года ўрачыстую святую Імшу з абрадам пасвячэння ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Назаўтра запланавана святая Імша падзякі пад старшынствам арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча.

Першыя сёлета працэсіі Божага Цела прайшлі па вуліцах гарадоў Беларусі. 1 чэрвеня 2025 года ў Брэсце, Пінску і Магілёве Эўхарыстычныя працэсіі ўзначалілі біскупы. Разам з магілёўскімі вернікамі ў працэсіі прайшоў кіраўнік епіскапату, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У Мінску правядзенне працэсіі плануецца на 15 чэрвеня.

Звыш 20 прэзбітэраў адзначылі ў гродзенскай семінарыі юбілей святарства. Менавіта столькі колішніх выпускнікоў, якія цяпер святкуюць 25-годдзе з часу прэзбітэрскага пасвячэння, сустрэліся 3 чэрвеня 2025 года ў Alma Mater. Сярод юбіляраў быў духоўны айцец семінарыі ксёндз Ян Сарэла, які арганізаваў гэтую сустрэчу. Імшу падзякі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, у цэлебрацыі ўдзельнічаў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. Ардынарый падзякаваў юбілярам за чвэрць стагоддзя святарскай вернасці.

У Пінску прайшла агульнабеларуская сустрэча руху Маці ў малітве. З 30 мая па 1 чэрвеня 2025 года на фармацыйную сустрэчу тут сабраліся каля 130 матуль з усіх дыяцэзій. Цэлебрацыю святой Імшы на распачацце сустрэчы ў катэдры ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Іерарх адзначыў вялікае значэнне сведчання веры і малітвы маці для яе дзяцей, а таксама для іншых людзей. Пастыр дыяцэзіі падзякаваў за дар мацярынскай малітвы, адзначыў важную ролю духоўнага кіраўніцтва ў руху, якое ажыццяўляюць айцец Юрый Кулай разам з іншымі святарамі.

У Паставах зладзілі сямейны баль. Тут сабраліся 31 мая 2025 года, у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, 14 сямейных пар з Віцебску, Пастаў, Мінску ды іншых мясцовасцяў. Папярэднічала балю святая Імша ў касцёле, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Ён прывітаў парафіян, арганізатараў сямейнага балю і ўдзельнікаў. Іерарх засяродзіў увагу на ўрыўку са Святога Пісання пра адведзіны Паннай Марыі Альжбеты, прыгажосць, створаную Богам, выбудоўванні адносін у сям’і.

Упершыню прайшла мужчынская пілігрымка са Смаргоні ў Баруны. 1 чэрвеня 2025 года, калі ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначалі Дзень бацькі, пілігрымку арганізавалі салезіяне, якія служаць у смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла. З ініцыятывай правесці пілігрымку выступілі мужчыны гэтай парафіі. У пілігрымцы ўдзельнічала 30 чалавек, а акрамя таго пробашч смаргонскай парафіі ксёндз Артур Ляшнеўскі і пробашч парафіі святога Казіміра ў Маладзечне брат Уладзіслаў Мінько.

Падрыхтавана паводле catholicnews.by, grodnensis.by і ўласнай інфармацыі.
 

07 чэрвеня 2025, 08:55