MAP

Святы Айцец прывітаў рок-групу The Sun

Незадоўга да Імшы, якая 1 чэрвеня 2025 года завяршыла Юбілей сем'яў, Пантыфік сустрэўся з музыкантамі хрысціянскай рок-групы The Sun. Напярэдадні яны прынялі ўдзел у святочным канцэрце, які адбыўся на Плошчы Святога Яна на Латэране.

Vatican News

Вакаліст і аўтар песень Франчэска Ларэнцы падзяліўся з Vatican News уражаннямі ад сустрэчы з Папам. Леў XIV прывітаў музыкантаў у ватыканскай базіліцы перад Святой Імшой на заканчэнне Юбілею сем’яў, дзяцей, бабуль, дзядуль і пажылых людзей, якая ў мінулую нядзелю прайшла на Плошчы Святога Пятра.

Папа пазнаў іх, сказаў, што некалькі разоў бачыў гурт па тэлебачанні, і паціснуў рукі ўсім удзельнікам. Лідар гурта коратка распавёў Святому Айцу пра іх духоўнае навяртанне: з панк-рок-групы яны з цягам часу пераўтварыліся ў гурт, які грае хрысціянскі рок, і ўжо больш за дзесяць гадоў супрацоўнічаюць з сям’ёй аўгустынцаў. Іх духоўны настаўнік – айцец Габрыэле Педычына, правінцыйны прыёр аўгустынцаў Італіі. Музыканты падкрэслілі, што 8 мая былі моцна ўражаныя першым зваротам Папы да вернікаў і свету.

Новы сінгл гурта – "Coraggio" (“Мужнасць") – быў натхнёны "Споведзямі" святога Аўгустына. Песня распавядае пра духоўны шлях чалавека, які шукаў сэнс жыцця "дзесьці яшчэ", але зразумеў, што Бог заўсёды быў побач. Франчэска Ларэнцы правёў паралелі паміж жыццём святога Аўгустына і жыццём удзельнікаў гурта: усе яны ў маладосці перажылі неспакой, шукалі асалоду ў задавальненнях, сяброўскіх забавах, імкнуліся да поспеху, але ў глыбіні душы не былі шчаслівымі і задаволенымі сваім існаваннем, адчувалі ўнутраную пустату. Песня "Coraggio" распавядае пра той пераломны момант, калі чалавек адкрывае Бога і Яго волю.

Гурт The Sun
Гурт The Sun

Гурт The Sun быў створаны ў 1997 годзе, выконваў панк-музыку на англійскай мове, хутка атрымаў міжнародны поспех, гастраляваў па Японіі, выступаў з такімі зоркамі, як The Cure і Deep Purple. Але падчас сусветнага тура 2007 года Франчэска Ларэнцы адчуў унутраную пустэчу. Нягледзячы на знешні поспех, ён задаўся пытаннем: “Чаму я не шчаслівы, калі маю ўсё, пра што заўсёды марыў?” Адказы не прыходзілі, і ўрэшце, пасля здрад, страчанага сяброўства, эксцэсаў і згаслых мар, спявак застаўся з “разбітым сэрцам”. Менавіта тады ён і стаў на шлях пошуку сэнсу жыцця, сапраўднай любові, музыкі і адносін з людзьмі і з Богам.

Спявак Франчэска Ларэнцы
Спявак Франчэска Ларэнцы

Аднойчы Франчэска, які быў антыклерыкалам і не любіў касцёльную музыку, выпадкова трапіў на сустрэчу ў парафіяльным тэатры, дзе маладыя людзі, яго аднагодкі, з запалам і радасцю распавядалі гісторыю Езуса з Евангелля паводле святога Яна. Яны ўразілі спевака сваім святлом і свабодай, якіх яму не хапала, выклікаўшы жаданне зразумець, што насамрэч азначае вера. Вярнуўшыся дадому, ён пачаў чытаць Святое Пісанне, і гэта стала пачаткам яго новага духоўнага і жыццёвага шляху. Гурт цалкам змяніў творчы стыль, пачаў пісаць песні пра духоўнае адраджэнне па-італьянску і заснаваў у Венета “Дом творчасці”, дзе можна займацца музыкай, маліцца, прымаць важныя рашэнні і сустракацца з духоўным настаўнікам.

Гурт The Sun
Гурт The Sun

“Ёсць глыбокая прычына, па якой кожны з нас нарадзіўся. Унутры нас напісана ўнікальная і непаўторная партытура, якую толькі мы можам выканаць разам з Богам. Калі мы дазволім Богу адкрыць нам гэтую партытуру, мы будзем шчаслівыя ў самым глыбокім сэнсе гэтага слова, плённыя, і наша плённасць дасягне людзей, асяроддзя і сітуацый, у якіх мы жывём, надаючы нашаму жыццю глыбокі сэнс з гарызонтам вечнасці”, - пажадаў спявак сённяшняй моладзі.

The Sun на СДМ у Панаме
The Sun на СДМ у Панаме
04 чэрвеня 2025, 11:36