MAP

Кардынал Райнер Марыя Вёлькі Кардынал Райнер Марыя Вёлькі   (AFP or licensors)

Сінадальны крызіс у Германіі: рэакцыя арцыбіскупа Кёльна

У эксклюзіўным інтэрв'ю арцыбіскуп Кёльна патлумачыў, чаму разам з трыма іншымі біскупамі выступіў супраць стварэння новай структуры, якая не адпавядае каталіцкаму разуменню сінадальнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Райнер Марыя Вёлькі пацвердзіў сваё рашэнне не падтрымліваць стварэнне так званай "сінадальнай камісіі" ў Германіі, падкрэсліўшы, што гэта "рашэнне сумлення". У інтэрв'ю EWTN News ён выразна дыстанцаваўся ад планаў, якія 23 з 27 нямецкіх біскупаў разам з Цэнтральным Камітэтам Нямецкіх Каталікоў (ZdK) імкнуцца рэалізаваць.

Кантэкст праблемы

У 2019 годзе нямецкія біскупы разам з ZdK пачалі "сінадальны шлях" як рэакцыю на крызіс выпадкаў сексуальнага злоўжывання. Пазней гэтая ініцыятыва пашырылася на структурныя рэформы, уключаючы прапановы аб жаночым дыяканаце і змены ў касцельным кіраванні.

У 2023 годзе Папа Францішак адхіліў галоўную прапанову нямецкага сінадальнага шляху – стварэнне "сінадальнай рады". Гэты орган, згодна з прапановай, атрымаў бы беспрэцэдэнтныя паўнамоцтвы, уключаючы "падрыхтоўку і прыняцце абавязковых рашэнняў" па шэрагу пытанняў, якія паводле агульнакасцельнага заканадаўства знаходзяцца ў выключнай кампетэнцыі біскупаў. Фактычна гэта азначала б радыкальную перабудову іерархічнай структуры Касцёла, перадачу істотнай часткі паўнамоцтваў епіскапата свецкім асобам.

Нягледзячы на адмову Святога Пасада, прыхільнікі рэформ палічылі кампрамісам стварэнне "сінадальнай камісіі" як прамежкавага органа, які ў перспектыве мог бы дасягнуць тых жа мэт. Менавіта гэтая спроба абысці рашэнне Святога Пасада выклікала моцную рэакцыю з боку чатырох біскупаў.

Сінадальнасць – гэта не парламентарызм

"Сінадальнасць для нас – гэта не парламентарызм, яна не з'яўляецца магчымай у сэнсе дэмакратычнага атрымання большасці", - падкрэсліў кардынал Вёлькі ў інтэрв'ю. "Гэты ліст меў асабісты характар і не быў прызначаны для публікацыі", - патлумачыў ён, гаворачы пра зварот, які чатыры біскупы накіравалі старшыні Канферэнцыі Біскупаў Германіі Георгу Бэцынгу і старшыні ZdK Ірмэ Штэтэр-Карп.

Пазіцыю кардынала Вёлькі падзяляюць біскупы Рудольф Фодэрхольцэр (Рэгенсбург), Грэгар Марыя Ханке (Эйхштэт) і Штэфан Остэр (Пасаў). Яны лічаць, што Папа Леў XIV стаіць перад "вялікай задачай растлумачыць з пункту гледжання тэалогіі, што такое сінадальнасць, як яна магчымая ў Касцёле з іерархічнай структурай". Біскупы таксама падкрэсліваюць, што структуры павінны мець "характар служэння" і служыць "толькі адной мэце – прапаведаванню Хрыста".

Роля Папы Льва XIV

Цяперашні Папа Леў XIV (раней кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост) непасрэдна ўдзельнічаў у фарміраванні ватыканскай пазіцыі па гэтай праблеме. У лютым 2025 года, калі ён яшчэ займаў пасаду прэфекта Дыкастэрыі па справах біскупаў, разам з кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Параліным і прэфектам Дыкастэрыі веравучэння кардыналам Віктарам Мануэлем Фернандэсам падпісаў афіцыйны дакумент да Канферэнцыі Біскупаў Германіі.

У тэксце Святы Пасад выразна папярэджваў, што такія органы як “сінадальная камісія” ці “сінадальная рада” не прадугледжаны дзеючым касцельным правам, і таму рашэнне нямецкага епіскапату ў гэтай справе было б несапраўдным – з адпаведнымі прававымі наступствамі. Паводле слоў кардынала Вёлькі, гэта сведчыць пра паслядоўную пазіцыю Святога Пасада адносна нямецкага “сінадальнага шляху”.
 

02 чэрвеня 2025, 10:21