MAP

2025.06.03 nicea 1700 conferenza angelicum

"Нікея і Касцёл трэцяга тысячагоддзя": канферэнцыя ў Рыме

Больш за 100 біскупаў і экспертаў розных канфесій збяруцца з 4 па 7 чэрвеня 2025 года ў Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага, каб абмеркаваць тэму "Нікея і Касцёл трэцяга тысячагоддзя".

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арганізатарамі выступаюць Інстытут экуменізму Папскага ўніверсітэта святога Тамаша Аквінскага і Міжнародная праваслаўная тэалагічная асацыяцыя IOTA. Сімпозіум праходзіць пад патранатам ватыканскай Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Паводле інфармацыі арганізатараў, Папа Леў XIV прыме ўдзельнікаў форуму на аўдыенцыі ў суботу, 7 чэрвеня. Сфармуляванае ў Нікеі ў 325 годзе Вызнанне веры прапануе тэалагічную канцэпцыю трыадзінага Бога, якая і сёння кіруе агульнай верай хрысціян, асабліва праваслаўных і католікаў, адзначаюць арганізатары.

Удзельнікі сімпозіума паспрабуюць вызначыць і сфармуляваць падставы гэтай агульнай веру ў сучасным свеце, з мэтай прывесці праваслаўных і католікаў “бліжэй да поўнай еднасці". У форуме таксама прымуць удзел шэраг іерархаў і тэолагаў усходне-праваслаўнай і англіканскай традыцыі.

Сярод тэм сімпозіума – Тройца і Уцелаўленне, сінадальнасць і прымат, ерась і схізма, дата Вялікадня і іншыя практычныя пытанні.

У прэзідыум навуковага сімпозіума запрошаны: кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, мітрапаліт Іоў ад імя Канстантынопальскага Патрыярхату, копцка-праваслаўны епіскап Анба Кірылас з Лос-Анджэлеса (ЗША), а таксама былы Прымас Англіканскай Царквы Роўэн Уільямс.

03 чэрвеня 2025, 11:20