MAP

Катэдра ў Шартры Катэдра ў Шартры  (AFP or licensors)

У Францыі стартавала рэкордная пешая пілігрымка да Шартра

19 тысяч пілігрымаў вырушылі ў пешую пілігрымку з Парыжа ў Шартр. Гэта найважнейшая пешая пілігрымка ў Францыі, асаблівасцю якой з'яўляецца даcаборная літургія.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Колькасць удзельнікаў пешай рэлігійнай вандроўкі пастаянна расце, асабліва сярод маладых людзей. Іх прыцягвае яе асаблівы касцельны характар. "Гэта рытуал, які не пакідае абыякавым, ён дазваляе закахацца ў прыгажосць Езуса ў Эўхарыстыі", - распавядае студэнт права Тэафан у тыднёвіку “France Catholique”.

Пілігрымка працягваецца тры дні, на працягу якіх удзельнікі праходзяць 105 кіламетраў. Шлях пачынаецца ад касцёла святога Сульпіцыя ў Парыжы і заканчваецца ля катэдры ў Шартры. Штодзённы пад’ём у пяць раніцы, дні напоўнены малітвай, спевамі і цішынёй.

Катэдра ў Шартры з 876 года з'яўляецца адным з галоўных марыйных санктуарыяў Францыі. 7 чэрвеня 2025 года крыпта пад храмам адзначае 1000-годдзе свайго існавання. Шартр знаходзіцца на скрыжаванні пілігрымкавых шляхоў да Санцьяга-дэ-Кампастэла і Мон-Сен-Мішэль.

"Удзельнічаючы ў святой Імшы падчас пілігрымкі, узнікае пачуццё ўдзелу ў нечым вялікім, што нас аб'ядноўвае і перавышае, так што мы можам адчуць прадчуванне еднасці святых", - дзеляцца ўражаннямі Антуан і Канстанца, удзельнікі пілігрымкі.

Імша ў капліцы Нотр-Дам дэ Су-Тэр у крыпце Шартрскага сабора
Імша ў капліцы Нотр-Дам дэ Су-Тэр у крыпце Шартрскага сабора   (AFP or licensors)

Вяртанне пілігрымаў на шлях да Шартра адбылося дзякуючы французскаму паэту Шарлю Пегі, які ў 1912 годзе выправіўся туды, молячыся аб аздараўленні сваёй душы і хворага сына.

Адмысловы характар пілігрымкі да Шартра штогод выклікае дыскусіі адносна месца дасаборнай літургіі ў душпастырстве Касцёла.

Як паведамляе Кшыштаф Бронк з польскай рэдакцыі “Vatican News”, маладых удзельнікаў прыцягвае традыцыйная літургія, але адначасова яны ўдзельнічаюць і ў іншых душпастырскіх ініцыятывах Касцёла ў Францыі.

На думку айца П'ера Амара, якога цытуе выданне “La Croix”, маладыя людзі не бачаць у гэтым супярэчнасці і паказваюць, што ў Касцёле ёсць месца для ўсіх, што ўжо неаднаразова падкрэсліваў Папа Леў XIV.
 

07 чэрвеня 2025, 11:10