Барталамей I: рэлігія павінна гаіць раны, а не стымуляваць войны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Барталамей I падчас урачыстасці ў Мюнхене 6 чэрвеня 2025 года заклікаў рэлігіі садзейнічаць справе міру і гаіць раны, а не распальваць канфлікты. "Нашай ідэнтычнасці не пагражае адкрытасць да іншага, а хутчэй бясплодная інтраверсія," - адзначыў іерарх, падкрэсліваючы, што "дыялог вядзе да ўзбагачэння ідэнтычнасці ўдзельнікаў".
85-гадовы Барталамей атрымаў у Мюнхене дзве ўзнагароды: Экуменічную прэмію Каталіцкай Акадэміі ў Баварыі і прэмію ад бенедыктынскага абацтва Нідэральтайх.
На ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі рэлігійных і грамадскіх колаў. Лютэранскі епіскап Генрых Бэдфард-Штром у сваёй прамове назваў лаўрэата "глабальным сумленнем" і "маральным голасам, які не ведае межаў".
"Патрыярх Барталамей выступаў за мір ва Украіне, за правы бежанцаў і за глабальную эканоміку, якая паважае як людзей, так і планету," - адзначыў старшыня Цэнтральнага камітэта Сусветнай рады Цэркваў.
"Гэтымі ўзнагародамі мы ўшаноўваем канцэпцыю: чалавецтва, якое прымірылася з стварэннем, Цэркваў, якія прымірыліся паміж сабой, і свету, які ўсё яшчэ верыць у справядлівасць," - падсумаваў Бэдфард-Штром.