MAP

Некалькі тысяч вернікаў на ўрачыстай Эўхарыстыі на Пяцідзясятніцу, якую ўзначаліў арцыбіскуп Гі дэ Керымель у Выставачным цэнтры французскай Тулузы Некалькі тысяч вернікаў на ўрачыстай Эўхарыстыі на Пяцідзясятніцу, якую ўзначаліў арцыбіскуп Гі дэ Керымель у Выставачным цэнтры французскай Тулузы  (AFP or licensors)

Новы Даследчы цэнтр вывучае рэлігійныя тэндэнцыі ў Францыі

У Парыжы створаны Даследчы цэнтр каталіцызму для вывучэння рэлігійных тэндэнцый у краіне, дзе пры агульным зніжэнні рэлігійнасці ўзмацняюцца праявы духоўных запытаў сярод маладога пакалення.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Французскі даследчы цэнтр каталіцызму пачаў сваю працу ў чэрвені 2025 года. Ініцыятарам выступіў каталіцкі журналіст Самуэль Пруво, які аб'яднаў намаганні з Французскім Інстытутам Грамадскай Думкі (IFOP). Праект фінансуецца з прыватных крыніц пры падтрымцы Канферэнцыі Біскупаў Францыі, якая дэлегавала біскупа Бруно Валёнтан у якасці свайго прадстаўніка.

Францыя перажывае трансфармацыю, якая адлюстроўваецца таксама ў каталіцызме

Галоўная мэта Даследчага цэнтра – забяспечыць грамадства, Касцёл і палітычных дзеячаў аб'ектыўнымі данымі па рэлігійнай сітуацыі ў краіне. Першае даследаванне ўжо выявіла цікавыя тэндэнцыі: толькі 41працэнт французаў вераць у Бога (супраць 50 працэнтаў некалькі гадоў таму), сярод маладых людзей 18-24 гадоў ахрышчаныя толькі 42 працэнта (супраць 76 працэнтаў усяго насельніцтва), і толькі 2 працэнта католікаў рэгулярна наведваюць нядзельную Імшу.

Каталіцызм нельга звесці да лічбаў, але яны дапамагаюць заўважаць змены

Адначасова з гэтымі тэндэнцыямі парафіі адзначаюць павелічэнне зваротаў маладых людзей з просьбамі пра хрост і канфірмацыю, а 64 працэнта апытаных адзначаюць узрастаючую патрэбу ў духоўнасці і кантэмпляцыі.

Самуэль Пруво паведаміў, што плануецца яшчэ чатыры даследаванні, а біскуп Валёнтан 15 студзеня 2025 года абвясціў пра намер штогод публікаваць падрабязныя справаздачы для інфармавання дыяцэзій.

Папа Леў XIV неаднаразова падкрэсліваў важнасць разумення сацыяльных і рэлігійных працэсаў для эфектыўнай евангелізацыі ў сучасным грамадстве. Новы Даследчы цэнтр дзейнічае незалежна, з удзелам навуковага камітэта і экспертаў у галіне сацыялогіі, тэалогіі і касцельнай практыкі.
 

28 чэрвеня 2025, 13:17