MAP

Кардынал Вінсэнт Нікалс Кардынал Вінсэнт Нікалс 

Канклаў без інтрыг: кардынал Нікалс пра выбар Льва XIV

Кардынал Вінсэнт Нікалс дзеліцца ўражаннямі ад канклава і падкрэслівае плён ідэі Папы Францішка аб пашырэнні геаграфічнай разнастайнасці Калегіі кардыналаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Важную ролю ў абранні новага Пантыфіка адыграла геаграфічная разнастайнасць Калегіі кардыналаў. Гэта падкрэсліў арцыбіскуп Вэстмінстэрскі ў сваім артыкуле для брытанскага выдання "Catholic Herald", дзелячыся ўражаннямі ад нядаўняга канклава.

“План Францішка аб стварэнні больш міжнароднай Калегіі кардыналаў аказаўся паспяховым”

"Так як жадаў Францішак, перыферыі, у дачыненні да якіх ён адчуваў сябе абавязаным, былі добра прадстаўлены", - адзначыў кардынал Нікалс. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на "геаграфічную разнастайнасць": 133 кардыналы-выбаршчыкі, якія знаходзіліся ў Сікстынскай капэле, паходзілі з пяці кантынентаў і больш чым 70 краін.

Англійскі іерарх з палёгкай адзначыў, што сапраўдны канклаў зусім не нагадваў фільм "Канклаў". Падчас выбараў не было ніякіх сварак ці палітычных інтрыг. Ніхто не спрабаваў прасоўваць сябе ці блакаваць каго-небудзь іншага.

“Канклаў быў сапраўды напоўнены момантамі братэрскай еднасці і малітоўнага распазнання”

"На самай справе гэты час быў сапраўды напоўнены момантамі братэрскай еднасці і малітоўнага распазнання", - падкрэсліў кардынал Нікалс. Ён таксама адзначыў, што ізаляцыя ад знешняга свету выконвалася з усёй строгасцю: "Я мусіў не толькі абысціся без мабільнага тэлефона і ўсіх іншых электронных прылад – нават мая электрычная зубная шчотка была хутка праверана адпаведнымі службоўцамі. Ніхто не хацеў нічым рызыкаваць".

Кардынал Нікалс выказаў вялікае задавальненне новым Папам. Льва XIV, які нарадзіўся і вырас у Чыкага, але правёў больш за 20 гадоў як місіянер і біскуп у Перу, ён назваў "грамадзянінам свету".

“Ён мае вельмі мяккі характар, але пры гэтым мысліць ясна і ўмее быць рашучым”

Арцыбіскуп Вэстмінстэрскі падкрэсліў, што Леў XIV спалучае шмат талентаў і прыносіць на сваю пасаду велізарную колькасць досведу. "Ён мае таксама вельмі мяккі характар – і хоць мысліць ясна і ўмее быць рашучым, я бачыў, як ён вырашае цяжкасці, не пакідаючы ворагаў ззаду", - працягваў кардынал.

Паводле слоў Нікалса, першыя дні пантыфікату паказалі, што Леў XIV успрымае сваю пасаду як служэнне: "Годнасць чалавечай асобы, сувязі паміж людзьмі, фундамент веры ў Хрыста, які падтрымлівае нашае агульнае жыццё – усё гэта знаходзіцца ў яго спісе прыярытэтаў", - падсумаваў арцыбіскуп Вэстмінстэрскі ў сваім артыкуле для "Catholic Herald".
 

04 чэрвеня 2025, 09:55