MAP

Міжнародная канферэнцыя будыстаў, хрысціян, індуістаў, джаіністаў і сікхаў у Грыгарыянскім універсітэце Міжнародная канферэнцыя будыстаў, хрысціян, індуістаў, джаіністаў і сікхаў у Грыгарыянскім універсітэце 

Міжрэлігійны дыялог: у Рыме сустрэліся прадстаўнікі пяці рэлігій

У Папскім Грыгарыянскім універсітэце адбылася міжнародная канферэнцыя, якая аб’яднала прадстаўнікоў пяці рэлігій: будыстаў, хрысціян, індуістаў, джаіністаў і сікхаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Арганізатарымі канферэнцыі “Будысты, хрысціяне, індуісты, джаіністы і сікхі. У дыялогу і супрацоўніцтве дзеля аднаўлення надзеі ў наш час” выступілі ватыканская Дыкастэрыя па міжрэлігійным дыялогу, Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт і супольнасці індуістаў, будыстаў, джаіністаў і сікхаў Італіі. Мэта мерапрыемства – спрыяць міжрэлігійнаму супрацоўніцтву і дыялогу дзеля аднаўлення надзеі ў сучасным свеце, поўным войнаў, ізаляцыі і індывідуалізму. Форум стаў новым этапам шляху, распачатага ў 2018 годзе прадстаўнікамі пяці рэлігій у духу дэкларацыі “Nostra Aetate”, 60-годдзе якой адзначаецца сёлета.

Канферэнцыя распачалася запальваннем традыцыйнай індыйскай лямпы, хвілінай маўчання па Францішку і падзякай Папе Льву XIV. Пасля прывітальнага слова кіраўніка Грыгарыянскага ўніверсітэта, айца Джузэпэ Дзі Луча, да ўдзельнікаў форума звярнуўся кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад, прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу. Ён падкрэсліў, што на фоне “масавай страты надзеі”, якую выклікаюць беднасць, беспрацоўе, хваробы, бедствы, канфлікты, спусташэнне навакольнага асяроддзя, дыскрымінацыя, несправядлівасць, падзелы і гвалт, “роля вернікаў – аднаўляць і запальваць надзею ў сэрцах і розумах людзей”.

Затым слова бралі прадстаўнікі індуістаў, будыстаў, джаіністаў і сікхаў. Яны падкрэслілі важнасць слухання, дыялогу і ўзаемапавагі. Каб будаваць мір, трэба пачынаць з аналізу праблем: ад супрацьстаяння ЗША, Расіі, Кітая і Еўропы да глабальных выклікаў, такіх як капіталізм і тэхналогіі, пазбаўленыя этыкі, - заявіў Франка Дзі Марыя Джаяндранатха, старшыня Італьянскага індуісцкага саюза.

Кіраўнік Італьянскага будысцкага саюза Філіппа Шана адзначыў, што ў наш час, калі пануе “адсутнасць цішыні” і нам не стае часу на слуханне, надзея з’яўляецца “дэфіцытным рэсурсам”. Яна нараджаецца з дапамогай слухання, дыялогу і разважання з сабой і з іншымі.

Прадстаўнік джаіністаў Мэхул Санграджка падкрэсліў, што для джаіністаў жыццё – святое, а надзея звязана з разуменнем кармы, якая фарміруе жыццё, асяроддзе і будучыя абставіны.

Па словах прадстаўніка сікхаў Гуршарана Сінгха, надзея нараджаецца праз дыялог, дзякуючы якому мы перастаём бачыць у іншых чужых. “У свеце падзелаў, войнаў і экалагічных крызісаў наша сустрэча – як агеньчык у ночы”, - сказаў ён.

05 чэрвеня 2025, 13:37