Леў XIV прыняў Прэзідыум Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Леў XIV вельмі добра нас ведае. Як прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў, ён удзельнічаў у нашых пленарных пасяджэннях на працягу апошніх двух гадоў і добра знаёмы з нашай дзейнасцю. У нас добрыя адносіны, якія працягваюцца і цяпер”, - сказаў літоўскі іерарх, які з 2021 года ўзначальвае аб’яднанне еўрапейскіх епіскапатаў.
28 чэрвеня 2025 года арцыбіскуп Грушас пазнаёміў Святога Айца з актуальнай працай Рады, пазначанай намаганнямі ў галіне прасоўвання экуменізму і міру. У прыватнасці, ішла гаворка пра нядаўнюю сустрэчу біскупаў Еўропы ў Турцыі, прымеркаваную да 1700-годдзя Нікейскага Сабору, якая ўключала таксама сустрэчу з Патрыярхам Барталамеем І.
Арцыбіскуп Грушас у каментары для Vatican News адзначыў, што еўрапейскія епіскапаты з болем глядзяць на канфлікты ў сэрцы Еўропы і на Блізкім Усходзе. “Як нагадаў нам нунцый ва Украіне, мы павінны маліцца аб дары міру. Таксама неабходна надаваць увагу дабрачыннай дзейнасці, каб дапамагаць тым, хто пацярпеў ад вайны”, - сказаў ён.
Іерарх падкрэсліў, што для дасягнення міру неабходны дыялог паміж палітыкамі. Паводле яго, прыклад слухання і адкрытасці можа даць Касцёл праз свой сінадальны стыль. “Дыпламатыя – гэта шлях да сапраўднага міру”, - заявіў арцыбіскуп Грушас, дадаўшы, што намаганні ў гэтай сферы павінны працягвацца няспынна, нават нягледзячы на няўдачы. Ён адзначыў, што расійскае ўварванне ва Украіну хвалюе краіны Балтыі, і запэўніў, што ў гэтым кантэксце літоўцы рады быць членамі НАТА.