MAP

Айцец Франчэска Патан Айцец Франчэска Патан  (AFP or licensors)

Кустод Святой Зямлі: вайна не знішчае надзею

Айцец Франчэска Патон распавёў пра тое, як кашмар вайны выглядае вачыма жыхароў Іерусаліма. Па яго словах, шмат людзей розных веравызнанняў выказваюць жаданне пакінуць краіну, якая ў апошнія гады здаецца няздольнай дасягнуць міру.

Vatican News

Святая Зямля зноў апынулася ў цэнтры рэгіянальнай напружанасці, наступствы якой цяжарам кладуцца на мясцовае насельніцтва. У інтэрв’ю ватыканскім СМІ Кустод Святой Зямлі адзначыў, што сітуацыя нагадвае “новы кашмар”. Усё насельніцтва, у тым ліку хрысціяне, жыве ў страху. Дзеці дрыжаць, пачуўшы сігналы трывогі і выбухі ракет. Гэта траўмы, якія застануцца з імі на ўсё жыццё. На вуліцах пануе сюррэалістычная цішыня: у многіх выпадках мясцовым вернікам забаронена хадзіць у храм, не кажучы ўжо пра адсутнасць пілігрымаў. Уражваюць мілітарызацыя дарог і зачыненыя брамы Іерусаліма. Шмат людзей, не толькі хрысціян, выказваюць жаданне пакінуць краіну, няздольную забяспечыць мір.

За апошнія 20 месяцаў канфлікт закрануў нават тыя раёны Святой Зямлі, якія раней былі адносна спакойныя. Аднак Кустодыя Святой Зямлі і францішкане застаюцца там “ад імя і па даручэнні Касцёла”. Яны працягваюць выконваць сваю місію – клапаціцца пра святыні і мясцовых вернікаў, - распавёў айцец Патон.

Па словах Кустода, яны заўсёды адчувалі падтрымку Папы Францішка і ўпэўненыя, што Леў XIV таксама будзе заахвочваць іх місію. Дыкастэрыя па справах Усходніх Цэркваў таксама падтрымлівае Кустодыю. Рэгіён асабіста наведалі шэраг біскупаў. Нядаўна там пабывалі кардынал Лаюдзічэ і арцыбіскуп Мафэіс.

Вялікую ролю ў гуманітарнай дзейнасці Кустодыі адыгрывае яе вікарый, айцец Ібрагім Фалтас. Ён арганізаваў гуманітарныя калідоры, якія дазволілі перавезці параненых і скалечаных дзяцей з Газы на лячэнне ў Італію, таксама як і нядаўні пераезд тасканскіх біскупаў у Аман у сувязі з канфліктам паміж Ізраілем і Іранам. Аднак яго асноўная задача ў гэтыя гады – рэканструкцыя школ і выхаванне новых пакаленняў у духу мірнага суіснавання.

У цяперашні час найбольш небяспечнымі кляштарамі з’яўляюцца кляштары, што месцяцца ў гарадах, такіх як Яфа, Рамла, Хайфа, Акра і Іерусалім. Але, нягледзячы на небяспеку, манахі не пакідаюць Святую Зямлю. “Мы не найміты, якія пакідаюць статак у небяспецы. Гэту місію нам даверыў Касцёл, і мы застанемся тут, спадзеючыся на дапамогу нябёсаў”, - сказаў айцец Патон.

17 чэрвеня 2025, 13:32