MAP

Марыйны санктуарый у кітайскім Шэшан Марыйны санктуарый у кітайскім Шэшан 

Кардынал заклікаў маліцца за візіт Папы ў Кітай

Кардынал Стэфан Чоў Саў-ян, Біскуп Ганконга, заклікаў усіх вернікаў да малітвы "каб Леў XIV змог ступіць на кітайскую зямлю”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У канцы мая ў катэдры Беззаганнага Зачацця ў Ганконгу кардынал Чоў Саў-ян маліўся ў інтэнцыі служэння Папы. Аб гэтым паведамляе агенцтва “Fides”.

Падчас гаміліі іерарх прызнаўся, што Леў XIV сказаў яму пра сваё жаданне здзейсніць пастырскі візіт у Кітай. "Прашу вас, маліцеся за яго, каб ён змог здзейсніць нерэалізаваную мару Папы Францішка ", - дадаў кардынал. "Я лічу, што ён не чужы кітайскай культуры. Было б вельмі значна, калі б ён змог здзейсніць пастырскі візіт у Кітай як Папа, таму прашу вас аб малітве за гэтую мару", - падзяліўся ён.

Таксама ў суботу 24 мая 2025 года, пасля заканчэння Эўхарыстыі з нагоды Дня Малітвы за Касцёл у Кітаі, Чоў зноў звярнуўся з такім заклікам. Як паведамляе “Fides”, кардынал падзяліўся з прысутнымі таксама сваім досведам пілігрымкі да марыйнага санктуарыя ў Шэшань, недалёка ад Шанхая, якую ён здзейсніў у лютым разам з дэлегацыяй ганконгскай дыяцэзіі.

Кардынал расказаў пра вялікае хваляванне, якое ён перажыў, убачыўшы нарэшце вялікую статую на вяршыні ўзгорка, і як – стоячы перад ёй – усе маліліся аб здароўі Папы Францішка, які ў той час знаходзіўся ў шпіталі “Джэмэлі” ў Рыме.

"Зараз, - дадаў кардынал Чоў, - Папа Францішак знаходзіцца ў небе і моліцца за нас і за наш Касцёл у Кітаі. Ён заўсёды жадаў наведаць Кітай і сустрэцца з нашымі братамі і сёстрамі... Цяпер мы молімся, каб яго пераемнік, як Наступнік Пятра, змог аднойчы ступіць на кітайскую зямлю".
 

03 чэрвеня 2025, 09:36