MAP

Сабор Святога Дамініка ў Фучжоу Сабор Святога Дамініка ў Фучжоу  (Copyright (c) 2018 HelloRF Zcool/Shutterstock. No use without permission.)

Кітай: уступіў на пасаду дапаможны біскуп Фучжоу

11 чэрвеня 2025 года біскуп Джозэф Лін Юньтуань уступіў на пасаду дапаможнага біскупа дыяцэзіі Фучжоу (правінцыя Фуцзянь, Кітай). Леў XIV прызначыў яго 5 чэрвеня 2025 года ў рамках Часовага пагаднення паміж Апостальскай Сталіцай і КНР. Прызначэнне было прызнана грамадзянскімі ўладамі краіны.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Біскуп Джозэф Лін Юньтуань нарадзіўся 12 сакавіка 1952 года ў Фуціне, што ў правінцыі Фуцзянь. У 1979-1983 гадах навучаўся ў дыяцэзіяльнай семінарыі Фучжоу. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 9 красавіка 1984 года.

З 1984 па 1994 год і пазней з 1996 па 2002 год служыў пробашчам у розных парафіях дыяцэзіі. У 1985 годзе таксама працаваў выкладчыкам у дыяцэзіяльнай семінарыі. З 1994 па 1996 год, а таксама з 2000 па 2003 год быў намеснікам старшыні дыяцэзіяльнай эканамічнай камісіі. Цягам некалькіх гадоў быў біскупскім дэлегатам.

У 2003-2007 гадах займаў пасаду дыяцэзіяльнага адміністратара, а затым да 2013 года дапамагаў апостальскаму адміністратара акругі ў якасці яго дэлегата. Пазней, з 2013 па 2016 год, служыў апостальскім адміністратарам ad nutum Sanctae Sedis. Біскупскае пасвячэнне прыняў 28 снежня 2017 года.

Заява кіраўніка Залы Друку Святога Пасада

“З задавальненнем паведамляем, што сёння, падчас уступлення на пасаду дапаможнага біскупа Фучжоу Яго Эксцэленцыі мансеньёра Джозэфа Лін Юньтуаня яго біскупскае служэнне атрымала прызнанне і з боку грамадзянскіх уладаў. Падзея стала яшчэ адным плёнам дыялогу паміж Святым Пасадам і кітайскімі ўладамі і важным крокам на шляху да еднасці ў дыяцэзіі”, - гаворыцца ў заяве кіраўніка Залы Друку Святога Пасада.

11 чэрвеня 2025, 12:44