MAP

Ікона Багародзіцы Пераследаваных Хрысціян Ікона Багародзіцы Пераследаваных Хрысціян 

Казахстан: санктуарый у памяць ахвяр рэлігійных рэпрэсій

У сталіцы Казахстана адкрыты першы ў Цэнтральнай Азіі марыйны санктуарый, прысвечаны пераследаваным хрысціянам – у месцы, дзе савецкія ўлады дзесяцігоддзямі змагаліся з верай.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Новы санктуарый дзейнічае пры касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Астане і з'яўляецца ініцыятывай амерыканскай арганізацыі “”. Ён быў створаны з благаслаўлення арцыбіскупа Астаны Тамаша Пэты і пры падтрымцы дапаможнага біскупа Атаназія Шнайдэра.

Ікона яднае пераследаваных хрысціян усіх часоў

Цэнтральным пунктам санктуарыя з'яўляецца ікона Марыі, Маці Пераследаваных Хрысціян, напісаная ліванскай мельхіцкай манахіняй. Надпіс на арамейскай мове – "Маці Пераследаваных" – сімвалічна злучае сучасны Касцёл, які пакутуе, з часамі першых мучанікаў.

У гаміліі падчас урачыстасці біскуп Шнайдэр прыгадаў словы святога Яна Паўла II з пілігрымкі ў Казахстан у 2001 годзе пра "невымоўныя выпрабаванні тых, хто пакутаваў, бо не адрокся ад веры".

Глеба, паліваная пакутамі вернікаў

Казахстан быў адным з галоўных месцаў размяшчэння лагераў у сістэме савецкага ГУЛАГа, куды ссылалі цэлыя народы – палякаў, немцаў, украінцаў і балтаў. Большасць дэпартаваных была вернікамі і практыкавала сваю веру ў тайне.

Сам біскуп Шнайдэр, сын нямецкіх католікаў сасланых у СССР, вырас у падпольным Касцёле, удзельнічаючы ў тайных літургіях і перажываючы веру як акт супраціву.

Ікона Маці Пераследаваных Хрысціян была раней размешчана ў Нью-Ёрку, Лондане, Стакгольме, Клінтане (Масачусэтс) і Ландэры (Ваёмінг). Як адзначыў заснавальнік “Nasarean.org”, святар Бенедыкт Кілі, гэтыя месцы павінны нагадваць, што праследаванне хрысціян не з'яўляецца мінулым – і што Касцёл Захаду часта забываецца пра братоў і сясцёр, якія пакутуюць.
 

24 чэрвеня 2025, 10:52