MAP

Наступствы авіяўдараў, М’янма, 15 мая 2025 года Наступствы авіяўдараў, М’янма, 15 мая 2025 года  (AFP or licensors)

Касцёл М’янмы ўдзячны Льву XIV за ўвагу да пакут мірных жыхароў

Генеральны вікарый архідыяцэзіі Мандалай выказаў удзячнасць Папу за падтрымку мірных жыхароў Мьянмы, якія пакутуюць ад вайны і гуманітарнага крызісу.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву Fides генеральны вікарый архідыяцэзіі Мандалай, айцец Пітэр Сэйн Хлаінг У, распавёў аб тым, што баі ідуць ва ўсіх раёнах М’янмы, мірнае насельніцтва пакутуе ад ваенных сутыкненняў і бамбардзіровак, людзі вымушаныя пакідаць свае дамы.

У нядзелю, 15 чэрвеня, перад малітвай “Анёл Панскі” Папа Леў XIV нагадаў пра канфлікт у М’янме, які працягваецца, нягледзячы на перамір’е. “Заклікаю ўсе бакі стаць на шлях інклюзіўнага дыялогу – адзіны, які можа прывесці да мірнага і трывалага рашэння”, - сказаў Пантыфік.

Генеральны вікарый, як і ўвесь мясцовы Касцёл, удзячны Льву XIV за словы падтрымкі. “Мы дзякуем за яго словы і яго ўвагу да пакут нашага народа", - сказаў ён.

Айцец Пітэр распавёў аб тым, што нягледзячы на небяспеку, святары, манахі, манахіні і катэхеты працягваюць сваю місію, дапамагаючы людзям, асабліва пажылым, жанчынам і дзецям, якім бракуе нават самага неабходнага для жыцця.

Вікарый таксама адзначыў, што Касцёл Мьянмы працягвае кожны дзень маліцца “за народ, за мір, за будучыню нацыі”. "Мы працягваем спадзявацца на Бога ў гэтай жудаснай сітуацыі”, - адзначыў айцец Пітэр, дадаючы, што, акрамя вайны, архідыяцэзія Мандалай таксама сутыкнулася з наступствамі нядаўняга землятрусу, што яшчэ больш пагоршыла гуманітарны крызіс.

17 чэрвеня 2025, 11:36