Касцёл у Індыі: расце колькасць нападаў на духавенства
Ян Глінскі
Паводле інфармацыі партала Asianews, пяць узброеных злодзеяў у масках уварваліся ў каталіцкі касцёл у Самсеры ў акрузе Сімдэга індыйскага штата Джаркханд і скралі каля 800 тысяч рупій, што эквівалентна больш чым 8 тысячам еўра. Падчас нападзення былі паранены тры святары. Інцыдэнт адбыўся ў мінулую нядзелю.
Арцыбіскуп Вінцэнт Айнд перакананы, што за крадзяжом скрываюцца іншыя, больш сур’ёзныя матывы: “Гэта спосаб для пераследу, парушэння і перашкаджання супольнасцям выконваць іх нармальныя функцыі”. На думку іерарха, “гэта разнастайныя тактыкі пераследу і насілля ў дачыненні да хрысціянаў, што парушае індыйскую канстытуцыю”.
Гэта не адзіны такі інцыдэнт. Modus operandi назіраецца ў вясковых мясцовасцях, дзе мужчыны ў масках урываюцца ў дамы святароў, звязваюць іх і збіваюць. Так у ноч з 22 на 23 мая 2025 года падчас нападу на кляштар у Кучында Чарвачы былі жорстка збітыя два святары. Пасля збіцця іх звязалі і абрабавалі.
Арцыбіскуп здзіўляецца, чаму менавіта духавенства становіцца мішэнню для тых, хто хоча толькі грошай. Іерарх напісаў афіцыйную скаргу ўладам, заклікаўшы іх да таго, каб законы выконваліся. На сёння нікога яшчэ не арыштавалі.
У апошні час у Індыі ўсё больш частымі становяцца выпадкі гвалту ў дачыненні да хрысціянаў, ім нярэдка забараняецца практыкаваць сваю веру, расце колькасць зняволеных па абвінавачваннях у празелітызме.