MAP

Кардынал Рабэр Сара Кардынал Рабэр Сара  

Кардынал Сара – 80 гадоў у служэнні Касцёлу

Кардынал Рабэр Сара, які вядомы сваёй глыбокай духоўнасцю і адданасцю традыцыям Касцёла, 15 чэрвеня 2025 года адзначыць сваё 80-годдзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Нарадзіўшыся ў сціплай сям'і ў вёсцы Уроус у Гвінеі, Рабэр Сара атрымаў каталіцкае выхаванне ад місіянераў кангрэгацыі Духа Святога. Яго шлях у Касцёле пачаўся з маленства і прывёў да прыняцця святарскага, а затым і біскупскага пасвячэння.

У 34 гады ён стаў самым маладым біскупам Афрыкі, калі быў прызначаны арцыбіскупам сталіцы Гвінеі Канакры. На гэтай пасадзе ён праявіў сябе як адважны пастыр, які нястомна працаваў дзеля духоўнага дабра сваёй паствы ў складаных умовах. У сваім служэнні кардынал Сара заўсёды ставіў на першае месца вернасць Евангеллю і навучанню Касцёла, не баючыся прапаведаваць хрысціянскія каштоўнасці ў любых абставінах.

Святы Ян Павел II, які цаніў адданасць і веру афрыканскага іерарха, узвёў яго ў кардынальскую годнасць і прызначыў у 2001 годзе сакратаром Кангрэгацыі евангелізацыі народаў. Пазней, у 2010 годзе, Папа Бэнэдыкт XVI даверыў яму кіраўніцтва Папскай радай "Cor Unum".

20 кастрычніка 2010 года падчас агульнай аўдыенцыі на Плошчы Святога Пятра Папа Бэнэдыкт XVI абвясціў пра прызначэнне 24 новых кардыналаў, сярод якіх быў і Рабэр Сара. Праз месяц іерарх атрымаў кардынальскі берэт.

Кардынал Сара таксама зрабіў значны ўклад у абмеркаванне пытанняў, звязаных з захаваннем літургічнай традыцыі Касцёла. Падчас свайго служэння ў якасці прэфекта Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, у 2014-2021 гадах, ён падкрэсліваў важнасць глыбокай павагі да сакральнага характару Эўхарыстыі.

У 2020 годзе кардынал Сара разам з Бэнэдыктам XVI выдаў кнігу "З глыбіні нашых сэрцаў", прысвечаную тэме святарскага цэлібату і яго значэнню для Касцёла.

Сёння афрыканскі іерарх працягвае сваё служэнне як настаўнік веры. Яго запрашаюць у якасці прапаведніка на пілігрымкі і канферэнцыі, асабліва ў Францыі, дзе яго духоўныя развагі знаходзяць глыбокі водгук сярод вернікаў.
 

09 чэрвеня 2025, 09:31