MAP

Наступствы ізраільскіх удараў па Тэгерану Наступствы ізраільскіх удараў па Тэгерану 

Кардынал Мацьё: прэвентыўныя ўдары не вядуць да міру

На фоне росту напружанасці ў адносінах паміж Іранам і Ізраілем арцыбіскуп Тэгерана-Ісфахана, кардынал Дамінік Мацьё, звярнуўся з заклікам да міру і дыялогу, папярэджваючы пра небяспеку выкарыстання прэвентыўнай ваеннай сілы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У інтэрв’ю парталу AsiaNews кардынал Мацьё выказаў засмучанасць з прычыны апошняй хвалі гвалту, у выніку якой Ізраіль нанёс удары па іранскіх аб'ектах, што справакавала адказную атаку беспілотнікаў з боку Тэгерана. Іерарх з болем канстатаваў, што міру зноў спрабуюць дамагчыся “з дапамогай прэвентыўных ваенных дзеянняў, замест таго, каб сесці за стол перамоў”.

Заклік прагучаў пасля паведамленняў пра ізраільскую аперацыю “Паўстаючы леў”, накіраваную супраць ядзерных аб’ектаў і ключавых навуковых і ваенных дзеячаў Ірана. У адказ Тэгеран запусціў больш за сотню дронаў у напрамку Ізраіля. Напружанасць пагражае перарасці ў больш маштабны рэгіянальны канфлікт. "Эскалацыя, якой так баяліся, падобна, пачынае матэрыялізоўвацца", - заўважыў кардынал Мацьё.

“Мы молімся, каб мір быў дасягнуты шляхам дыялогу, заснаванага на кансенсусе. Няхай гэты працэс накіроўвае Святы Дух”, - пажадаў іерарх. Яго словы прагучалі ў той момант, калі перамовы паміж ЗША і Іранам у Амане па магчымым ядзерным пагадненні зайшлі ў тупік: Тэгеран абвясціў, што не будзе ўдзельнічаць у шостым раўндзе перамоў.

Кардынал Мацьё падкрэсліў, што місія Касцёла ў Іране працягваецца, што з'яўляецца прыкметай адкрытасці і братэрства. Каталіцкая супольнасць у Іране, хоць і невялікая – каля 22 тысяч вернікаў – застаецца актыўнай і разнастайнай, нароўні з халдэйскай, армянскай і іншымі хрысціянскімі канфесіямі.

Нагадаўшы пра ініцыятывы Папы Францішка ў галіне міжрэлігійнага дыялогу, асабліва пра яго сустрэчу з шыіцкімі лідарамі з Кума, кардынал Мацьё дадаў, што роля Касцёла заключаецца ў інтэграцыі і прысутнасці "на розных узроўнях нацыі". У завяршэнне ён падкрэсліў неабходнасць далейшага будаўніцтва мастоў паміж культурамі і рэлігіямі.

14 чэрвеня 2025, 10:35