Кардынал Ю: Пробашч з Арса – нязгасная натхненне для святароў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Сціплая парафія на французскай вёсцы стала духоўным цэнтрам Еўропы", - адзначыў іерарх у пасланні, паказаным 31 мая 2025 года падчас Імшы ў санктуарыі ў Арс-сюр-Фарман. Святы Ян Марыя Віянэй быў кананізаваны Папам Піем XI 31 мая 1925 года і абвешчаны "нябесным заступнікам усіх святароў свету".
Паводле слоў паўднёвакарэйскага іерарха, святы Пробашч з Арса стаў узорам святарства "народжанага з малітвы, Эўхарыстыі і споведзі – не з прэстыжу". Ён "з сэрцам пастыра" вёў тысячы людзей. "Ён запрашае нас не падаць духам, але перажываць нашае святарства з радасцю, пакорай і адвагай", - падкрэсліў кардынал, дадаючы, што падтрымка вернікаў праз "малітву, павагу і сардэчнасць" неабходная для кожнага святара.
У Юбілейным годзе кардынал Ю заахвоціў святароў глядзець на Святога як на "спадарожніка шляху, ціхі дарожны знак". Ён заклікаў не баяцца быць слабымі, бо "сам Пробашч з Арса лічыўся 'занадта простым' для святарскай місіі, аднак Бог даверыў яму сэрцы тысяч людзей".
На заканчэнне ватыканскі іерарх падзякаваў вернікам за падтрымку душпастыраў і заахвоціў да малітвы за пакліканні – "не па звычцы, а з любові; не з абавязку, а з паклікання". Ён заклікаў прасіць, каб святы Ян Вянэй "навучыў нас жыць верай аўтэнтычна" і дапамагаў святарам станавіцца "людзьмі малітвы, слухання і радасці".
Святы Ян Марыя Віянэй (1786-1859) быў французскім святаром, вядомым як Пробашч з Арса. Вылучаўся глыбокай пабожнасцю і запалам у здзяйсненні сакрамэнтаў, асабліва споведзі. Быў беатыфікаваны ў 1905 годзе, кананізаваны ў 1925 годзе, а ў 1929 годзе абвешчаны нябесным заступнікам пробашчаў ва ўсім свеце.