MAP

Кардынал Вілем Эйк Кардынал Вілем Эйк 

Прымас Нідэрландаў: у Касцёле адбываюцца пакаленчыя змены

Нягледзячы на ліберальнае заканадаўства ў Нідэрландах, прымас гэтай краіны ўпэўнены ў неабходнасці ясна абвяшчаць каталіцкае вучэнне ў пытаннях біяэтыкі і бачыць надзею ў маладым пакаленні, адкрытым да поўнай праўды Евангелля.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Вілем Эйк, Прымас Нідэрландаў, падчас трэцяй Міжнароднай Біяэтычнай Канферэнцыі, якая адбылася ў Рыме 30 і 31 мая 2025 года, падкрэсліў важнасць адкрытага абвяшчэння каталіцкага вучэння ў пытаннях жыцця і біяэтыкі. У інтэрв'ю Эдгару Бельтрану з партала “The Pillar” ён падзяліўся сваім бачаннем будучыні Касцёла і ролі біяэтыкі ў сучасным свеце.

“Мусім супрацьстаяць сучаснай культуры, якая не прызнае ўнутранай вартасці чалавечага жыцця”

"Мусім супрацьстаяць сучаснай культуры, якая не прызнае ўнутранай вартасці чалавечага жыцця. Нашым заданнем з'яўляецца перадаваць праўду пра Бога, чалавека і свет, а таксама метафізічныя праўды і праўду адносна вартасцей і маральных нормаў", - адзначыў кардынал Эйк.

Нягледзячы на выклікі, звязаныя з легалізацыяй эўтаназіі, абортаў і аднаполых "шлюбаў" у Нідэрландах, кардынал бачыць прыкметы пазітыўных змен. "У апошнія некалькі гадоў я заўважыў у Нідэрландах растучую колькасць маладых людзей, якія просяць аб прыняцці ў Касцёл. Не так шмат, як у Францыі, але гэта выразная тэндэнцыя", - падзяліўся ён.

Паводле Прымаса Нідэрландаў, маладыя людзі адкрываюць Хрыста, Евангелле і маральнае вучэнне Касцёла праз інтэрнэт, TikTok і сацыяльныя медыя. "Калі яны прыходзяць да святара, каб папрасіць хросту ці канфірмацыі, яны ўжо валодаюць здзіўляюча вялікімі ведамі пра веру", - адзначыў ён.

“Маладыя людзі схільныя прыняць поўнае вучэнне Касцёла”

Кардынал Эйк таксама расказаў пра свой досвед з курсамі падрыхтоўкі да шлюбу ў сваёй дыяцэзіі, дзе выкладаецца тэалогія цела і вучэнне Касцёла адносна кантрацэпцыі. "Рэакцыя пераважна такая: 'О, гэта цудоўна. Мы ніколі пра гэта не чулі'", - падкрэсліў ён.

На пытанне, чаму не адмовіцца ад гэтых цяжкіх тэм, кардынал Эйк адказаў: "Калі я гляджу на маладых людзей і тое, як яны прымаюць веру Касцёла, гэта дае мне шмат натхнення. Безумоўна, Касцёл будзе малы, вельмі малы. Ён ужо цяпер маргіналізаваны. Мне давялося закрыць шмат касцёлаў, асабліва на вёсцы, з прычыны недахопу актыўных вернікаў і фінансавых сродкаў. Але ў гарадах мы бачым, што парафіі квітнеюць, і там мы бачым большасць пладоў навяртання".

“Калі людзі заўважаюць няяснасці, яны пачынаюць губляцца”

Кажучы пра ролю Папы і іерархіі, кардынал Эйк падкрэсліў важнасць яснага і адназначнага абвяшчэння веры. "Калі Пантыфік і біскупы, а таксама, вядома, святары, навучаюць ясна, гэта вельмі дапамагае людзям наноў адкрыць праўду Хрыста, Евангелле і шлях, якім яны могуць ісці за Ім", - адзначыў ён.

Паводле інфармацыі “The Pillar”, кардынал Эйк таксама выказаўся за абнаўленне энцыклікі "Evangelium Vitae" Папы Яна Паўла II, паколькі з часу яе публікацыі 30 гадоў таму з'явіліся новыя біяэтычныя праблемы, напрыклад, звязаныя з гендарнай ідэнтычнасцю і змяненнем біялагічнага полу.
 

01 чэрвеня 2025, 14:13