Маладыя і пажылыя вернікі Францыі: розныя погляды на каталіцызм
Vatican News
Розныя гістарычныя ўмовы фарміравання рэлігійнага светапогляду прывялі да адрознення ў разуменні каталіцызму паміж пакаленнямі ў Францыі. Пра гэта піша сацыёлаг рэлігіі Ян Рэзон дэ Клезю на старонках выдання "La Croix".
Розныя кантэксты фарміравання веры
Сацыёлаг адзначае, што старэйшае пакаленне вырасла ў грамадстве, дзе каталіцызм быў яшчэ дамінуючай сілай. Іх падыход да веры фарміраваўся праз адкрытасць да дыялогу са светам, памяркоўнасць у рэлігійных практыках і большую аўтаномію ў пытаннях асабістага жыцця.
Маладое пакаленне, наадварот, сфарміравалася ў секулярным асяроддзі, дзе вера з'яўляецца хутчэй выключэннем. Для іх характэрна жаданне выразна падкрэсліць сваю рэлігійную ідэнтычнасць, у тым ліку праз больш традыцыйныя формы літургіі. Яскравым прыкладам гэтай тэндэнцыі з'яўляецца ўзрастаючая папулярнасць пілігрымкі ў Шартр.
Пільная патрэба ў дыялогу
Рэзон дэ Клезю прызнае, што падчас сваіх лекцый у парафіях ён рэгулярна чуе, як старэйшыя католікі выказваюць занепакоенасць тым, што ўспрымаюць як вяртанне да мінулага сярод маладых вернікаў. Яны не разумеюць вяртання да форм, якія яны самі пакінулі на карысць сацыяльнай актыўнасці і адкрытасці да свету.
"З аднаго боку – імкненне да кампрамісу са светам, з другога – жаданне захаваць сваю адметнасць у секулярным асяроддзі", - тлумачыць навуковец.
Ён падкрэслівае, што гэтыя адрозненні не павінны абавязкова весці да канфлікту, але патрабуюць узаемнага разумення і дыялогу. Без гэтага існуе рызыка паглыблення падзелаў, што можа праявіцца ў стварэнні паралельных адукацыйных, медыйных і фінансавых структур.
Для пераадолення гэтых выклікаў, лічыць сацыёлаг, кожнае пакаленне павінна зрабіць крок насустрач і паспрабаваць зразумець кантэкст, у якім жыве іншае.