Юбілей Святога Пасада: раўнавага паміж мінулым і будучыняй
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Я жыву дзесяць гадоў у Рэспубліцы Сан-Марына: каштоўнасць малых дзяржаў у глабалізаваным свеце сёння надзвычай важная, каштоўнасць, якую нельга змарнаваць і якую трэба абараняць усімі магчымымі сіламі," - прадстаўніца Супольнасці Вечных Адаратак Найсвяцейшага Сакрамэнту ў сваім разважанні ў Зале Паўла VI 9 чэрвеня 2025 года.
Малыя дзяржавы захоўваюць надзею для свету
"Менавіта гэтыя малыя дзяржавы са сваімі адметнымі і старажытнымі традыцыямі падтрымліваюць жывую надзею ў свеце, які рызыкуе страціць свае гістарычныя карані," - сцвярджае манахіня, заклікаючы Касцёл "захоўваць жывое ўзаемадзеянне паміж мінулым і будучыняй", бо "раўнавага паміж мінулым і будучыняй – вялікі корань надзеі".
"Сёння мы рызыкуем жыць у настальгіі па мінулым, якога ўжо няма, што вядзе да традыцыяналізму, часта адарванага ад сучаснасці, або імкнуцца да будучыні, якой яшчэ няма, упадаючы ў ілюзорны футурызм, няздольны прапанаваць рэальныя рашэнні для выклікаў сучаснасці," - перасцерагае сястра Рыва, на думку якой "мінулае з яго болем і славай можа стаць трамплінам для жыцця ў правільным успрыманні сучаснасці".
Нельга бегчы правільна, калі не ведаеш, куды бегчы
"Мы жывём у свеце, які імкліва рухаецца, дзе прагрэс можа быць як вялікім рэсурсам, так і вялікай небяспекай. Свет, дзе магчымасці, што паходзяць ад сродкаў масавай камунікацыі, фарміруюць новыя формы сацыяльна-культурнага жыцця," - аналізуе сястра Марыя Глорыя.
У сваім разважанні сястра Марыя Глорыя спаслалася на твор Джорджа Дэ Кірыка "Вяртанне блуднага сына", каб растлумачыць сваё бачанне сучасных тэхналогій: сродкі масавай камунікацыі і тэхналагічныя дасягненні павінны заставацца інструментамі, а не мэтай. Яны патрабуюць, каб чалавек не адмаўляўся ад сваіх культурных і духоўных каранёў, не кідаўся ў імклівы бег у невядомым напрамку, але ўмеў захоўваць арыентацыю. Як трапна заўважыў святы Аўгустын: “Нельга бегчы правільна, калі не ведаеш, куды бегчы”.
Вечнасць перад намі
"Мы ведаем, куды мы павінны бегчы: бег Яна і Пятра да пустой магілы Хрыста – гэта адзіны бег, які Касцёл і свет могуць ажыццяўляць без страху," - патлумачыла манахіня: "гэта бег таго, хто ведае, што надзея знаходзіцца ў сапраўдным жыцці – вечным".
"Вечнасць стаіць перад намі, перад тымі, хто верыць, і тымі, хто не верыць, перад усім чалавецтвам," - сцвярджае сястра Рыва: "Калі мы працуем дзеля кароткіх і пасрэдных гарызонтаў, мы працуем дарма. Трэба працаваць дзеля вялікага гарызонту жыцця, якое не памірае: жыць, задаючы сабе кожны момант пытанне, ці тое, што мы робім, па-сапраўднаму злучае нас з той ісцінай, якая ёсць міласэрнасць і вечнасць – гэта і ёсць надзея".
Сястра Марыя Глорыя Рыва – асоба, у якой гарманічна спалучаюцца мастацкія здольнасці, глыбокія біблейскія веды і манастырская адданасць. Нарадзіўшыся ў паўночнай Італіі, яна з 2007 года абрала сваім домам маляўнічую Рэспубліку Сан-Марына, дзе заснавала супольнасць, што спалучае эўхарыстычную адарацыю з выхаваннем погляду на прыгажосць. Аўтарка кніг па хрысціянскім мастацтве, яна сваім жыццём і творчасцю сведчыць пра тое, што духоўная традыцыя і культурная спадчына могуць плённа ўзаемадзейнічаць з выклікамі сучаснасці.