MAP

2019.06.14 cupola, la moschea della Roccia

Хрысціяне і мусульмане Італіі супраць "страты чалавечнасці"

Камітэт XXIV Дня хрысціяна-ісламскага дыялогу ў Італіі заклікае аб'яднаць намаганні вернікаў абедзвюх рэлігій, каб супрацьстаяць "страце чалавечнасці" ў сучасным свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прадстаўнікі хрысціянскай і мусульманскай супольнасцей Італіі выступілі з сумесным зваротам, у якім падкрэсліваюць неабходнасць аб'яднання намаганняў вернікаў для пераадолення крызісу чалавечнасці. Заклік, які атрымаў падтрымку кардынала Матэа Дзупі, старшыні італьянскага епіскапату, апублікаваны на сайце напярэдадні XXIV Дня хрысціяна-ісламскага дыялогу, запланаванага на 27 кастрычніка 2025 года.

Дзень хрысціяна-ісламскага дыялогу ў Італіі быў заснаваны пасля падзей 11 верасня 2001 года з мэтай супрацьдзеяння ісламафобіі і ўмацавання міжрэлігійнага ўзаемаразумення. Сёлетняя тэма – "У дыялогу дзеля аднаўлення чалавечнасці" – адлюстроўвае глыбокую заклапочанасць абедзвюх рэлігій сучасным станам грамадства.

Камітэт нагадвае, што Бог, якому моляцца хрысціяне і мусульмане – гэта Бог міру. Вернікі, аб'яднаныя духоўнай спадчынай Абрагама, заклікаюцца да адмаўлення ад гвалту і вайны, асабліва ў святле пакут насельніцтва Газы і іншых канфліктных рэгіёнаў. Ён заахвочвае падтрымліваць праекты прымірэння паміж палесцінцамі і ізраільцянамі.

Такія міжрэлігійныя ініцыятывы, лічаць ініцыятары, адпавядаюць бачанню Папы Льва XIV, які неаднаразова падкрэсліваў важнасць дыялогу паміж рэлігіямі і сумесных намаганняў Касцёла з іншымі вернікамі дзеля пабудовы больш справядлівага і братэрскага свету.
 

23 чэрвеня 2025, 09:57