Харкаўскі біскуп: парафіі ва Украіне знікаюць разам з гарадамі
Ян Глінскі
Біскуп Павел Ганчарук, ардынарый Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі, у інтэрв’ю для Vatican News распавёў пра бягучую сітуацыю ў Харкаве і праблемы, з якімі сутыкаюцца душпастыры ва Украіне.
“Рака страшных чалавечых гісторый не спыняецца, – адзначыў украінскі іерарх. – Растуць могілкі, дзе ўсё больш і больш бачна ўкраінскіх сцягоў, што сведчыць пра загінулых салдат. Гэта вялікі боль, вялікія пакуты, якім, здаецца, няма канца. Тут мы жывем у сітуацыі, калі жыццё і смерць ідуць побач”.
Па словах біскупа, колькасць парафій зменшылася, бо “яны разбураюцца разам з цэлымі гарадамі”. Душпастыры, у асноўным, застаюцца на сваіх месцах, аднак іх служэнне не адзначаецца сістэматычнасцю, як гэта было да вайны: “Цяпер усё спантанна”. Напрыклад, у салдата, які прыехаў з фронта, ёсць толькі некалькі дзён, каб ажаніцца з дзяўчынай. “Таму ёсць час толькі праверыць інфармацыю пра іх: адкуль яны родам, з якой парафіі. Мы праводзім з імі некалькі падрыхтоўчых сустрэч – і благаслаўляем. Разумеючы, што ён можа не вярнуцца”, - распавёў біскуп Ганчарук.
“Часта прыязджаюць салдаты, якія проста просяць размовы, – працягваў украінскі іерарх. – Салдаты прыходзяць з духоўнымі ранамі”. І гэтыя раны, як патлумачыў біскуп, ад таго, што “ніхто з вайскоўцаў не хоча забіваць”, але мае такі абавязак. “Святары шмат часу праводзяць з вайскоўцамі, каб падтрымаць іх духоўна, а таксама ўдзяліць споведзь”, - дадаў іерарх.
Для святароў, як паведаміў ардынарый Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі, праводзяцца трэнінгі і курсы, на якіх тлумачыцца, “як сітуацыя, створаная вайной, уплывае на фізіялогію чалавека, на яго псіхіку, як уплывае стомленасць”. Як падкрэсліў біскуп Ганчарук, гэтыя веды дапамагаюць святару падыходзіць да праблемы з разуменнем, даюць “рэсурс”. “Нішто так не разбурае чалавека і не ламае яго, як уцёкі, спроба не бачыць праблемы, не разумець праблемы, – патлумачыў іерарх, адначасова ўказаўшы, што адна з яго прыярытэтных задач – быць побач з душпастырамі. – Я прыходжу да святароў пагаварыць, памаліцца, пабыць на набажэнствах”.
“Калі святар падае, то дапамога, якая аказваецца праз яго, значна скарачаецца, бо ён ведае людзей, падтрымлівае іх, плача разам з імі, дзеліцца іх болем. Ён прымае на сябе вельмі моцны ўдар, і яму не заўсёды ёсць з кім яго раздзяліць, – адзначыў украінскі біскуп. – Ён не можа падзяліцца ім з тымі, хто знаходзіцца за мяжой, бо яны не зразумеюць... Мы разумеем цяжар адзін аднаго, і таму найбольш эфектыўны спосаб, якім мы можам дапамагчы адзін аднаму, – гэта быць побач са святаром. Гэта мая першая задача”.