Касцёл заклікае абараніць дзяцей ад дзіпфэйкаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На працягу апошніх шасці месяцаў (снежань 2024 - май 2025) каля трох тысяч непаўналетніх у Італіі сталі ахвярамі так званай тэхналогіі "deepnude" праз інтэрнэт-камунікатар Signal. Гэтую трывожную статыстыку прадставіла асацыяцыя “Meter” падчас прэзентацыі свайго дакладу ў штаб-кватэры Канферэнцыі Біскупаў Італіі.
Даследаванне паказвае, як злачынцы выкарыстоўваюць штучны інтэлект для стварэння непрыстойных выяў дзяцей, груба парушаючы іх годнасць і недатыкальнасць.
"Штучны інтэлект сёння таксама інструмент злоўжыванняў", - адзначылі кардынал Матэа Дзупі і арцыбіскуп Джузэпэ Батуры ў пасланні да ксяндза Фартуната Дзі Ната, заснавальніка “Meter”. Даследаванне сярод 989 вучняў 14-18 гадоў паказала, што 65,7 працэнта ведаюць з'яву deepnude, а 59,4 працэнта баяцца яе распаўсюджвання.
"Мы прааналізавалі выпадкі тысяч непаўналетніх, якія былі 'распранутыя' з дапамогай deepnude, што выклікала ў іх вялікую занепакоенасць", - патлумачыў кссёндз Дзі Ната. Яшчэ больш трывожыць, што 52,3 працэнта падлеткаў не адрозніваюць дзіпфэйк ад сапраўднага вобраза.
"Касцёл будзе працягваць браць на сябе адказнасць, спрыяючы грамадскаму распазнаванню, якое ніколі не аддзяляе інавацыі ад справядлівасці", - падкрэсліў кардынал Дзупі.
Асацыяцыя “Meter” заклікае да глабальных правіл і тэхналагічных рашэнняў, якія прадухілялі б злоўжыванні штучнага інтэлекту супраць дзяцей.