“Caritas” Іерусаліма не пакідае Газу ва ўмовах вайны
Ян Глінскі
Як паведаміў дырэктар каталіцкай дабрачыннай арганізацыі Антон Асфар, “велізарныя патрэбы” вярнулі іх “на перадавую” ўжо на наступны дзень – з экстранай дапамогай і лекамі.
“Мы ўвесь час ацэньваем сітуацыю, бо не хочам падвяргаць небяспецы нашых людзей”, - падкрэсліў дырэктар "Caritas", дадаўшы, што Сектар Газа “стаў сапраўднай зонай беззаконня”, дзе працаваць “надзвычай небяспечна”.
У Сектары Газа 122 супрацоўнікі "Caritas" Іерусаліма падзелены на дзесяць медыцынскіх падраздзяленняў, якім даводзіцца працаваць таксама пад абстрэламі. Дастаўка абсталявання і лекаў адбываецца паміж баямі, аднак “запасы заканчваюцца”.
Як паведаміў Асфар, складана падабраць словы, каб апісаць штодзённасць у Сектары Газа: босыя дзеці шукаюць рэшткі ежы ў сметніцах, камары пераносяць інфекцыйныя захворванні, а размеркаванне ежы Гуманітарным фондам Газы часта заканчваецца кровапраліццем.
Сітуацыя на Заходнім беразе ўскладняецца будаўніцтвам новых сцен і кантрольна-прапускных пунктаў. “Заходні бераг паралізаваны, свабода перамяшчэння мінімальная”, - падзяліўся кіраўнік дабрачыннага таварыства. Дадзеныя абмежаванні паглыбляюць эканамічны крызіс, а таксама складаную сітуацыю ў галіне адукацыі і сельскай гаспадаркі.
Паводле ацэнкі "Caritas", на Заходнім беразе ракі Ярдан амаль 200 тысяч беспрацоўных. У сувязі з гэтым арганізацыя спрабуе стымуляваць мясцовую эканоміку, забяспечваючы будучых фермераў насеннем і мікрагрантамі на прадпрымальніцкія праекты, такія як шыццё і кулінарыя.
Антон Асфар указаў таксама на трагічную сітуацыю пазбаўленых усяго ўнутраных мігрантаў. На сёння іх налічваецца каля 40 тысяч чалавек. Як паінфармаваў дырэктар "Caritas", на поўначы Заходняга берага для іх будуць арганізаваны медыцынскія дні і праграмы псіхасацыяльнай падтрымкі.