Біскуп з Сірыі: большасць хрысціян думае пра эміграцыю
Ян Глінскі
Як адзначыў у інтэрв’ю для ватыканскіх СМІ біскуп Хана Ялуф, “напад прывёў да сур’ёзных праблем не толькі з пункту гледжання сацыяльнай і эканамічнай стабільнасці, але і з пункту гледжання веры”.
Іерарх выказаў таксама смутак з прычыны шматлікіх загінулых і пацярпелых ад тэрарыстычнага нападу на праваслаўную царкву святога Іллі ў Дамаску, які адбыўся 22 чэрвеня 2025 года і прывёў да гібелі па меншай меры 25 і ранення 63 чалавек.
“Людзі баяцца, многія хацелі б пакінуць краіну, але ўлады запэўнілі нас, што будуць абараняць хрысціянаў, – адзначыў апостальскі вікарый Алепа. – Яны таксама запэўнілі іх у магчымасці свабодна вызнаваць сваю веру. Мы сапраўды маем вялікую надзею”.
Біскуп Ялуф заклікаў вернікаў са свайго вікарыяту быць мужнымі: “Не бойцеся! Будучыня, несумненна, будзе лепшая, чым мінулае. Але гэта патрабуе часу, нам трэба быць цярплівымі”.
Адказнасць за нядзельны напад у Дамаску ўзяла на сябе суніцкая экстрэмісцкая арганізацыя “Сарая Ансар ас-Сунна”. У сацыяльных сетках групоўка пакінула паведамленне, у якім пагражала “чарговымі нападамі”.
Магутны выбух быў зафіксаваны таксама 25 чэрвеня 2025 года каля ваеннай базы на ўзбярэжжы рэгіёна Джабла. Пакуль незразумела, ці быў выбух выкліканы авіяўдарам, ці выбуховай прыладай, размешчанай унутры аб’екта. Паведамлялася таксама пра моцныя выбухі ў раёне Латакія.